Віталь Броўка жыве ў маленькім гарадку Сянно на Віцебшчыне. Яму 22 гады, і ён мае адну з самых запатрабаваных па нашым часе прафэсіяў – юрыст. Аднак Віталь вырашыў пакуль заняцца іншым, стварыўшы “Суполку маладых творцаў горада Сянно”.
(Броўка: ) "Сёлета я скончыў унівэрсытэт і яшчэ па вясьне думаў альбо застацца ў Новаполацку, дзе вучыўся, альбо паехаць працаваць у Менск – была такая магчымасьць. Мне прапаноўвалі працу ў Віцебску ў якасьці юрыста, і я на гэтым думаў ужо спыніцца. Але я пазнаёміўся з ініцыятыўнымі людзьмі ў родным Сяньне, дзе дагэтуль ніколі не было ніякіх грамадзкіх утварэньняў незалежніцкіх. І я ўсё ж вырашыў вярнуцца дадому і хаця б год-два прысьвяціць сваім вытокам, аддаць даніну павагі, што называецца.
У Сяньне ёсьць шмат людзей, якія, сустракаючыся са мной, пытаюцца: “Адкуль такая твая мова? У нас так не гавораць, у нас усё па-расейску…” Я звычайна адказваю людзям, што ў мяне гэта ад самага нараджэньня, і нават чытаць я навучыўся ў пяць год менавіта па-беларуску. Дзед навучыў мяне чытаць па газэце “Ленінская іскра” – наша “раёнка” выдавалася па-беларуску. У школе мяне перавучвалі на расейскую мову. Пытаюся ў настаўніцы: “Што гэта за закаручка?” Яна кажа: “Літара И”. Я кажу ёй: “Няпраўда, літара “і” зусім ня так пішацца”.
Калісьці быў гонарам школы, удзельнікам, пераможцам абласных алімпіядаў, увесь час ганаровыя граматы. А цяпер – калі ласка! Мне забаранілі сустракацца з вучнямі школы, і было сказана, што ніхто, акрамя БРСМ’аўцаў, зь дзецьмі працаваць ня будзе. Мая родная школа – і зараз вось такія рэчы адбываюцца.
Я хацеў бы дачакацца таго часу, калі, ідучы па вуліцы, буду сустракаць людзей з усьмешкай на твары й розумам у вачах. Калі людзі будуць думаць і над тым, што казаць, і над тым, што рабіць, крытычна ставіцца да ўсяго таго, што чуюць ды бачаць. Такая вось і мара!”