Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Рабцэвіч



Рабцэвіч Вольга. Жыве ў вёсцы Вялешына Капыльскага раёну, вучаніца гімназіі №1 г. Капыля. Піша вершы.

(Вольга Рабцэвіч: ) “Я жыву ў гэтай вёсцы не з самага нараджэньня. Я прыехала сюды, калі пайшла ў 5-ую клясу. Але вёска мне вельмі падабаецца і людзі, якія ў ёй жывуць. Яны ўсе такія добрыя, простыя.

Наша вёска, я так мяркую, ня доўга будзе жыць. Таму што людзі ў ёй – старыя. А маладыя адтуль зьяжджаюць, а ў вёсцы мала хто хоча жыць. Але я думаю, што ў вёсцы лепш жыць, чымся ў горадзе, таму што машыны так ня езьдзяць, спакойна. Спакою шмат, цішыня.

Вот у нас паблізу вёскі ёсьць лес. Можна пайсьці ў лес. Пахадзіць там, паглядзець, пабыць у цішыні, паслухаць шум дрэваў. Бярозавы гай там. Калі вецярок, дык шумяць галінкі, і яны як бы перагаворваюцца. Чалавек павінен прабудзіць у сабе жаданьне жыць у вёсцы, каб яму гэта падабалася.

Перабудоўваць нашу вёску не трэба. Трэба, каб яна такой і засталася. Проста трэба, каб перабудавалася, скажам так, душа чалавека. Бо, як я мяркую, усё знаходзіцца ў душы чалавека.

Хачу быць настаўніцай, але больш хачу працаваць зь літаратурай, нашай беларускай літаратурай. Пастаянна чытаю Якуба Коласа і Янку Купалу. Іхныя вершы пранікаюць у маю падсьвядомасьць, да нечага абуджаюць, да нечага заклікаюць. У прыватнасьці, любіць свой народ і нашу прыроду. Я лічу, што не любіць нашу прыроду –гэта грэх. Бо наша маці-прырода – самае дарагое, што ў нас ёсьць. І мы павінны яе захаваць у такім стане, у якім стане яна была ў часы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэта-па-першае.

А па-другое, я люблю дзяцей. І хачу заўжды быць зь дзецьмі, каб яны заўжды любілі і паважалі наш край”.
XS
SM
MD
LG