Дмітрук Насьця, 13 год. Жыве ў вёсцы Паставічы Старадароскага раёну. Вучыцца ў 7 клясе Паставіцкай сярэдняй школы. Юная ткачыха. Тчэ ручнікі. Захапляецца народным мастацтвам, народнымі промысламі.
(Дмітрук: ) “У мяне бабуля ўмее вельмі добра ткаць. Я таксама захацела пераняць спадчыну ад сваёй бабулі і таксама навучыцца ткаць, каб спадчына засталася на нашай беларускай зямлі.
Я пачала вучыцца ткаць ручнікі ў 10 гадоў. А маю бабулю завуць Міхалькевіч Тацьцяна Рыгораўна. Яна таксама і мая настаўніца. Першы ручнік я саткала ў 10 гадоў. Я тку не толькі ручнікі, але і посьцілкі, сурвэткі, шмат іншых врабаў.
У маёй бабулі шмат ручнікоў, якія ткала не яна сама, а яе мама, яе бабуля. Гэтыя ручнікі вельмі старыя, але саткаць такія ж вельмі цяжка.
Я адразу вучылася ткаць звычайнае белае палатно. Потым мяне бабуля навучыла, як набіраць узор на панажах. І я пачала з кожным годам рабіць усё больш складаныя ўзоры.
Я як вучаніца тку яшчэ не вельмі добра, ёсьць памылкі. Але бабуля супакойвае, што нічога страшнага, што ўсе пачынаюць з памылак.
Сама я яшчэ не спрабавала прыдумваць і ткаць асабіста свае ўзоры. Але пра гэта я мару. Добра стасуюцца ніткі белыя з шэрымі. А калі патрэбныя кветкі, то блакітныя, чырвоныя, жоўтыя. Таксама трэба падбіраць з густам, а ня так, каб было не прыгожа. Патрэбна, каб колер ствараў настрой. Каб быў ручнік больш прыгажэйшы, цікавейшы.
Магчыма, калі-небудзь у жыцьці спатрэбіцца гэтая праца. Магчыма, калі раптам я апынуўся беспрацоўнай, тады я буду ткаць ручнікі, пайду па сьлядох маёй бабулі.
Калі б мы не саромеліся таго, што мы тчом, то, можа, было б усё гэта як і раней. Разьвівалася б усё. Рэч у тым, што некаторыя дзеці саромеюцца, што яны ткуць. Кажуць, што гэта ня модна. Але ж гэта наша Бацькаўшчына, тут заўжды ткалі, і мы мусім захаваць усё гэта”.