Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Казьмерчак



Ігару Казьмерчаку – 19 гадоў. Ён родам з Воршы, аднак цяпер жыве ў Магілёве і вучыцца ў Магілёўскай вучэльні культуры. Год таму Ігар стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі “ТАМ – Творчага аб’яднаньня моладзі”. Ён таксама спрычыніўся да выданьня моладзевага гумарыстычнага бюлетэню “Лясны дзік”. Ігар – вельмі энэргічны малады чалавек, які заўсёды настроены аптымістычна і ўсьміхаецца. Таму дзіўна, што ягонымі любімымі пісьменьнікамі ёсьць Джордж Оруэл і Франц Кафка.

(Казьмерчак: ) “Жыцьцём, калі ўвогуле браць, задаволены. Менавіта сваім задаволены, не здавальняе больш жыцьцё іншых людзей. Хаця ня трэба, канечне, раіць, неяк лезьці да іх, у жыцьцё. Але, тым ня менш, сёньня быў такі прыклад. Прайшоў на ўправу Маладога фронту, а там дзяўчынка падышла, гаворыць: маўляў, так і так, абглыталася таблетак, вельмі дрэнна, спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам. Гэта дрэнна. Жыцьцё трэба любіць любое, якое яно ёсьць. І сваё ў тым ліку. Сябе трэба любіць, але ня быць эгаістам. Любіць сябе такога, як ты ёсьць, а людзей таксама паважаць, не зацыклівацца на адным сабе.

У жыцьці хацелася б, напэўна, зьмяніць сваё фінансавае становішча, хаця гэта зьмяніць вельмі цяжка. Даводзіцца з гэтым мірыцца, як і ўвогуле з жыцьцём. Вось, сёньня далі стыпэндыю 20 тысяч рублёў. Жахі. Як за гэта жыць можна? Зьмяніць нешта, гэта трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. Як заўгодна, абы толькі была актыўнасьць. То бок, не сядзець на месцы. Калі акула сядзіць на месцы, яна задыхаецца. Таму трэба дыхаць пастаянна, варушыцца, рухацца. Тады нешта і будзе. Па меншай меры, за свае намаганьні ўжо будзе нейкая адплата. За тое, што нешта спрабаваў зрабіць. Ужо і на тым свеце, здаецца, ня скажаш, што нічога не рабіў.

Раіць маладым слухачам магу проста не скарыца. Трэба не здавацца ні ў якім плане. Калі чалавек займаецца палітыкай, значыць – не здавацца у палітычным жыцьці. Калі грамадзкай дзейнасьцю, значыць – не здавацца перад першымі няўдачамі, памылкамі. А проста ў жыцьці – пастаянна наперад, наперад і наперад ва ўсіх сфэрах. Нават у прыватным жыцьці, ва ўласным, у каханьні таксама ніколі не спыняцца і не апускаць рукі. Іначай гэта сьмерць.

А ці можна быць шчасьлівым у гэтай краіне? Можна. Таму што шчасьце, яно не вымяраецца ні грашова, ні матэрыяльна. Яно нічым не вымяраецца. Гэта як чалавек сам сябе адчувае. Вось сёньня я бачыў вельмі добры сон. Мне сьнілася Эўфрасіньня Полацкая. Я прачнуўся вельмі шчасьлівы, таму што памятаю, што некальгі год таму ездзіў на яе мошчы глядзець. І ўзгадаў той час, калі я потым з царквы выходзіў… Я сёньня цэлы дзень шчасьлівы. У мяне самы лепшы настрой за апошнія некалькі год. А нічога няма: стыпэндыя маленькая, на занятках усе “дасталі”, тут па вуліцы ходзішь – алкашы адны сустракаюцца. Тым ня менш, я шчасьлівы. Сёньня, прынамсі. Так што шчасьлівым быць можна, у гэтай краіне можна быць шчасьлівым. І нават ад краіны гэта не залежыць”.
XS
SM
MD
LG