Вольга Пансюк, 17 гадоў, Пінск. Пераможца Кубку маладых паэтаў, які ладзіўся сёлета ў Пінску сярод школьнікаў старэйшых клясаў у межах “Дзён беларускай і швэдзкай паэзіі”. Любіць свой горад, хоча жыць у ім і спадзяецца, што Пінск адновіць сваю славу ўнівэрсытэцкага гораду.
(Панасюк: ) “Верш, зь якім я выступала, ён самы апошні, ня ведаю, мне ён яшчэ не надакучыў (сьмяецца). Мае бацька – звычайныя працоўныя людзі, але бацька вельмі начытаны чалавек, у нас у сям’і ўвогуле ўсе любяць кнігі, магчыма, гэта паўплывала на разьвіцьцё майго паэтычнага таленту.
Я мару паступіць на гістарычны факультэт. Я лічу, што гэта вельмі патрэбная ў наш час навука. Таму што доўгі час гісторыя Беларусі вывучалася недастаткова, і, каб запоўніць нейкія прабелы ў сьвядомасьці нашага грамадзтва, я лічу, што гэта вельмі патрэбна, і таму я абрала менавіта такую прафэсію.
Пінск займае другое месца ў Беларусі па колькасьці захаваных архітэктурных і культурных помнікаў: з гістарычнага пункту гледжаньня мяне цікавіць. А ўвогуле, вельмі прыгожы горад, я тут нарадзілася, тут прайшло маё дзяцінства, тут жывуць мае сябры, мае бацькі, родныя.
У Пінску, я лічу, што тут патрэбна будаваць больш вышэйшых навучальных установаў. Я лічу, што менавіта ў нас ў Пінску іх вельмі-вельмі мала. Калі маладыя людзі хочуць паступіць у нейкую ВНУ, ім трэба ехаць некуды ў іншыя гарады. Можа, гэта й ня вельмі дрэнна, але ж магло б гэта быць і ў Пінску.
Зьмены ў грамадзтве залежаць ад самаго грамадзтва. Прычыну недахопаў можна было б акрэсьліць тым, што людзі ня ведаюць сваёй гісторыі. Калі б людзі больш зьвярталі ўвагі на разьвіцьцё самасьвядомасьці, у прыватнасьці, ў маладога пакаленьня, то многа можна было б зьмяніць. Што да нейкіх маральных кодэксаў, калі моладзь піша вершы на такія тэмы і пра гэта гаворыць, то гэта ўжо нейкі крок да паляпшэньня.
Я бачу сябе настаўнікам гісторыі, але ня проста настаўнікам, я хачу быць сябрам вучням. Можа, нечым дапамагаць ім. І спадзяюся ня кінуць пісаць вершы. Магчыма, з гэтага нешта атрымаецца”.