Мянчук Андрэй Курэйчык — асьпірант Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яму 23 гады, але, не зважаючы на малады век, Андрэй Курэйчык вядомы драматург. Паводле ягоных твораў паставілі некалькі спэктакляў у сталічных тэатрах. Акрамя таго, ён узначальвае наваствораны Цэнтар сучаснай драматургіі й рэжысуры ў Менску. Андрэй Курэйчык гаворыць пра цяперашняе становішча сцэнічнага мастацтва ў Беларусі й сваё бачаньне пэрспэктывы тэатру.
(Курэйчык: ) “Я лічу, што тут, у Беларусі, ня гледзячы на ўсе праблемы й цяжкасьці, можна рабіць і добры тэатар, і добрае кіно, і зарабляць грошы, і быць свабодным чалавекам. Для мяне гэта асноўная мэта: быць свабодным чалавекам у краіне, дзе не ва ўсіх гэта атрымліваецца.
Тэатар будучага я бачу сучасным. Я лічу, што цяпер не хапае сучаснасьці ў тэатры. Мы неяк пужаемся паглядзець, што вакол нас адбываецца: ня бачым п’есаў пра сучасны Менск, пра сучасных маладых людзей. Таму я лічу, што асноўная мэта тэатру — зрабіць сучасны спэктакль і таленавіты. Гэта вельмі цяжка, бо толькі геніі рабілі вельмі добрыя спэктаклі пра сучаснасьць.
Асьцерагаюся сам сябе, бо вельмі цяжка зрабіць добры выбар. Шмат абставінаў, якія перашкаджаюць зрабіць таленавіты спэктакль. Тэатар — гэта калектыўная творчасьць, і тут шмат залежыць нават ад апошняга мантыроўшчыка. І я баюся, што можа здарыцца нешта, памяшканьне ня будзе гатовае, ці дэкарацыю ня зробяць, альбо актор захварэе, і ўсё — спэктакль не адбудзецца.
Я задаволены жыцьцём, бо я малады, бо займаюся справай, якую люблю, бо на двары вясна, і гэта вельмі добра. А не задаволены тым, што бачу вакол сябе ў нашым грамадзтве, у нашай эканоміцы. І найперш бачу тут праблемы для маёй галіны: для тэатру і кіно. Мне здаецца, што маладыя людзі мусяць гуртавацца і самі вырашаць гэтыя праблемы. Пажадаў бы маладым нічога не баяцца, хапацца адзін за другога, дапамагаць адзін другому й быць свабоднымі. Вось і ўсё”.