Сяргей Антусевіч, 29 гадоў. Узначальвае самую буйную на Гарадзеншчыне арганізацыю Незалежнага прафсаюзу, якая дзейнічае ў адкрытым акцыянэрным таварыстве “Гродна-Азот”. Сяргей Антусевіч — сябар Партыі БНФ, дэпутат Гарадзенскага гарадзкога савету.
(Антусевіч: ) “Я зьяўляюся адзіным прадстаўніком ад дэмакратычных сілаў Горадні – дэпутатам гарадзкога савету. Я думаю, што ня варта тут гаварыць, што адзіны прадстаўнік можа разваліць усю гэтую сыстэму. Гэтая сыстэма, маім дэпутацкім мандатам яна проста дала расколіну, першую расколіну. Я спадзяюся, што гэта толькі пачатак.
У гарадзкім савеце – ня гледзячы на тое, што гэтыя людзі карысталіся падтрымкай уладаў – у іх, спадзяюся, хапае розуму на тое, каб бачыць: у якім стане знаходзіцца нашая краіна, у якім стане знаходзіцца эканоміка. І натуральна, што без саюзьнікаў, бяз спробаў вырашаць нейкія пытаньні з дапамогай іншых дэпутатаў — то ня варта ні на што разьлічваць.
Ад дэмакратычнага савету пачатку 1990-х гадоў засталося шмат рашэньняў, якія дагэтуль ня выкананыя. Напрыклад, рашэньне адносна помніка Каліноўскаму ў Горадні, якое прынятае, але ня выкананае. Натуральна, што ўлады гэтыя рашэньні будуць ігнараваць. Але варушыць іх трэба. Трэба варушыць гэтае балота, каб хоць нешта ў гэтай краіне адбывалася, адбываліся нейкія перамены да лепшага.
Што датычыць прафсаюзу, дык у адрозьненьне ад іншых грамадзкіх сілаў, палітычных партыяў, мы не займаемся віртуальнымі рэчамі. Мы займаемся дапамогай кожнаму свайму сябру. За дзесяць год нам удалося замацавацца, і арганізацыя зь некалькіх чалавек вырасла да тысячнай.
Я жанаты, майму сыну тры з паловай гады. Кожны чалавек, ён вяртаецца да сям’і. Сям’я — гэта тое, куды кожны чалавек павінен імкнуцца. Гэта тая крэпасьць, той бастыён, зь якога ён чэрпае крыніцы для сваёй дзейнасьці. Я таксама чэрпаю свае сілы, калі мой сын зьвяртаецца да мяне па-беларуску. Хаця, самі разумееце, што вельмі цяжка выхоўваць дзіця ў беларускамоўным асяродзьдзі.
Я хачу, каб маё дзіця жыло ў краіне з назвай Беларусь. Каб яно ганарылася тым, што жыве ў гэтай краіне. Ганарылася сваімі бацькамі, сваімі продкамі. Ганарылася сваёй уладай. Тым, што яна робіць усё, каб людзям не перашкаджаць, а рабіць іхняе жыцьцё лягчэйшым, лепшым”.