Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Красноў



Мікіту Краснову – 16, ён вучыцца ў 10-й клясе адной з прэстыжных гімназіяў Менску. Актыўны ўдзельнік усіх моладзевых акцыяў. Выйшаў на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам і 14 траўня, у восьмую гадавіну сумнавядомага травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Ведае, што за гэта можа мець сур’ёзныя непрыемнасьці ў гімназіі. Глыбока перакананы, што сапраўдных патрыётаў, якія здольныя штосьці зьмяніць, у Беларусі вельмі шмат.

(Красноў: ) "На самой справе мяне не задавальняе, што рэжым забараняе нам выказваць сваю думку, ён забараняе нам выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку, якую мы прызнаем адзінай нашай нацыянальнай сымболікай, адзіную сымболіку, якой мы пакланяемся і якая для нас штосьці значыць. Гэта сымболіка сапраўды беларуская, і мы выйшлі даказаць сёньня, што бяз гэтай сымболікі ня можа існаваць незалежнае Беларусі. Толькі гэтая сымболіка – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” – абуджае ў кожным грамадзяніне Беларусі незалежную, вольную краіну з дэмакратычнай уладай, Беларусь, якой сапраўды можна ганарыцца, дзяржаву, якую сапраўды можна паважаць.

Мы не баімся нікога, мы не баімся змагацца за Беларусь, за сваю Радзіму. Мой сёньняшні крок быў апраўданы і шмат разоў абдуманы. Я лічу, што галоўнае – гэта свабода і незалежнасьць Беларусі. Гэта першая мэта майго жыцьця. Таму я не баюся, што ў мяне могуць быць праблемы ў гімназіі за тое, што я люблю Беларусь, за тое, што я зьяўляюся патрыётам гэтай дзяржавы.

Я веру ў беларускі народ, я веру, што ён паважае сваю краіну, і што ён гатовы змагацца за незалежнасьць і за волю. Я лічу, што ёсьць шмат людзей, якія могуць выйсьці на акцыі, шмат людей, якія паважаюць Беларусь і ганарацца Беларусьсю. Але ж, вядома, сёньня вельмі небясьпечна выйсьці на плошчу, як выйшлі мы сёньня. Але гэта не азначае, што ў Беларусі мала патрыётаў і сапраўдных людзей, якія гатовыя за яе змагацца".
XS
SM
MD
LG