Навучэнка 11-й клясы Беларускага нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Захапляецца рыцарскімі раманамі і замежнымі мовамі. Гараджанка, але любіць жыць у вёсцы. Марыць пра гармонію чалавека і прыроды.
(Палуянцэвіч: ) “Я хачу жыць у сьвеце, у якім ня сорамна быць адрознай, іншай, у якім упоруч жывуць паганцы і гіпі, адраджэнцы і ёгі, гранжы і зялёныя. Мне здаецца, што ў нас ва ўсіх ёсьць штосьці агульнае. Я была ў летніку ў Злучаных Штатах, пасьля чаго ў мяне зьявілася шмат сяброў з Эўропы, Азіі, Афрыкі, Амэрыкі. Менавіта яны дапамаглі мне ўсьвядоміць, што ў нас ва ўсіх ёсьць штосьці агульнае, што лучыць нас. Мне здаецца, што мы так шпарка рушылі наперад, што страцілі вельмі важнае –– повязь з прыродай. Праўда, у нас, беларусаў, яшчэ крыху захавалася гэтая трапяткая еднасьць з прыродай. У іншых краінах людзі баяцца атруціцца ягадамі ў лесе, ня ведаюць, як называецца клён.
Хачу згадаць адзін выпадак. Там, у летніку, мы знайшлі чарапашку ў пяску. Маленькая, яна кінулася ўцякаць да вады, пачала тапіцца. І тады мы, дзеці Ганы, Беларусі, Пэру, ЗША, уратавалі яе. Колькі ў нас было радасьці!.. А аднойчы, калі ішоў дождж, мы сядзелі ў намёце і абмяркоўвалі парлямэнцкую сыстэму. І зразумелі, што нас лучыць прага свабоды. Усе казалі, што хочуць жыць у дэмакратычным грамадзтве. Тады Элёрм, дзеўчына з Ганы, вучыла нас, як будаваць дэмакратычнае грамадзтва на прыкладзе сваёй краіны. Яна сказала, што яго трэба будаваць мірна, бяскроўна. А я спытала, а калі цябе зьбіваюць за твае пачуцьці? Яна заўважыла: калі чалавек бачыць, што ты не супраціўляесься, ён ня будзе цябе біць – ручкі забаляць. Ейны лёзунг: наперад за дэмакратыяй, за Ганай. Усе мы – дзеці сьвету, дзеці прыроды. Наша ўратаваньне – у нашай разнастайнасьці”.