Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Ягораў



Зьміцер Ягораў, 19 гадоў. Працуе карэспандэнтам незалежнага гарадзенскага тыднёвіка “Біржа інфармацыі”. Адчуў, што журналістыка — ягоная справа, калі прачытаў уласнае прозьвішча пад першай карэспандэнцыяй. Тады паведамленьне зьмясьцілі на тым месцы, дзе ў газэце звычайна друкавалі анэкдоты. Некалькі гадоў таму быў жорстка зьбіты міліцыянтамі падчас асьвятленьня вулічнай акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Сёлета на пачатку красавіка ўправа ўнутраных справаў Горадні выклікала яго на допыт — пасьля публікацыі пра тое, што ў горадзе затрыманая буйная партыя зброі, журналіста абвінавачваюць у разгалошваньні таямніцы сьледзтва.

(Ягораў: ) “Маё жыцьцё мяне ў большай ступені задавальняе, бо я займаюся любімай справай. Любімая справа — гэта журналістыка, мая праца. Чым дапамагае журналістыка па жыцьці? Цяжка адказаць. Аддаеш журналістыцы час і натхненьне, але задавальненьне атрымліваеш, нават калі чытачы тэлефануюць па нейкім артыкуле. І пры гэтым не істотна, што яны кажуць. “Ой! Які добры матэрыял!” Ці “Як вы маглі такое надрукаваць?” Галоўнае, каб людзі рэагавалі, каб словы, якія ты пішаш, не выляталі ў паветра.

Бывае, што перашкаджаюць. Звычайна гэта чыноўнікі. Вядома, як яны ставяцца да незалежных выданьняў, але я лічу, што праблема толькі ў гэтым. Дзякуй Богу, у вырашэньні штодзённых праблемаў большасьць залежыць ад мяне, а не ад уладаў.

Чаго я баюся? Я баюся, што людзі вакол мяне перастануць быць шчырымі. Я лічу, што гэта самае вялікае няшчасьце, што можа здарыцца. Каб дасягнуць посьпеху, трэба спадзявацца на самога сябе і на самых лепшых людзей. Іх трэба адбіраць і вакол сябе трымаць. Ставіць сабе рэальныя мэты. Пазьбегнуць памылак немагчыма. Можна іх прадугледзець нейкім чынам, і трэба іх заўсёды выпраўляць.

На жаль, чалавека, які б быў для мяне ідэалам, няма. Нельга ствараць сабе куміра. Але ёсьць маральныя аўтарытэты навокал. Неабавязкова гэта павінен быць адзін чалавек. Трэба глядзець на іншых людзей. Бачыць у іх добрыя рысы і цягнуцца да гэтага. Маральны аўтарытэт — гэта людзі навокал мяне. Маральны аўтарытэт — гэта журналісты, якія сядзяць за кратамі за сваю працу. Маральны аўтарытэт — гэта мільёны людзей, які загінулі падчас рэпрэсіяў ці вайны. Але адной асобы няма.

Цяпер я чытаю Бабеля. Мне падабаецца, калі пішуць прафэсійна. Зь беларускіх гуртоў мне найболей падабаецца “Крама”. Гэта нешта ў сэрцы кранае.

Крэда можна акрэсьліць адным словам: “Супраціўляйся!” Усё залежыць ад чалавека і нельга пускаць усё на самаплыў. Трэба кантраляваць жыцьцё, кантраляваць усё, што навокал цябе адбываецца”.
XS
SM
MD
LG