Сёньня – маналёг 24-гадовага Андрэя Буйніча. Ён нарадзіўся ў Беларусі, скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, зараз жыве ў Польшчы, вучыцца на сьвятара ў сэмінарыі гораду Драгічын над Бугам:
(Буйніч: ) “Я шукаю шчасьця, можна сказаць, са сьвядомага ўзросту. Дзесьці ў дзясятым класе я марыў быць спэцыялістам у нейкай галіне, каб я быў запатрабаваны, каб мне давалі грошы за маю працу, маючы грошы я змагу забясьпечыць сваю сям’ю, жонку, дзяцей. Карацей, тады я буду шчасьлівы.
Але пяць гадоў студэнцкага жыцьця пераканалі мяне, што ня ўсё так проста. Што быць шчасьлівым – гэта перадусім ведаць, куды ідзеш, ведаць сваю дарогу.
І хочацца мне тут прыгадаць пэўны анэкдот. Сьвятар зьвяртаецца да свайго сына: “Адгадай: хто гэта такі – пушысты, з хвастом, арэшкі грызе”. Сын яму адказвае: “Тата, я ведаю што ты хочаш пачуць ад мяне – “Ісус”, але што я магу зрабіць калі гэта вавёрка...”
Нашае жыцьцё чымсьці падобнае да гэтага анэкдоту, толькі дакладна наадварот. Вельмі часта мы чуем тое, што хочам пачуць, а ня тое што ёсьць насамрэч.
Для мяне знаць дарогу – гэта знаць Ісуса, перадусім. Толькі ён за ўсю гісторыю чалавецтва не казаў, што ён ведае дарогу, але казаў: “Я – дарога, праўда, жыцьцё”.
Ці шчасьлівы я? Так, шчасьлівы, бо я ведаю дарогу. А дакладней, я ёй іду. І таму пажадаю ўсім нам аптымістычнага рэалізму”.
Мы запрашаем да ўдзелу ў перадачы маладых беларусаў, якім ёсьць што сказаць пра сваё жыцьцё, пра свае праблемы і дасягненьні, пра бачаньне разьвіцьця Беларусі.
Зьвяртайцеся да нас праз пошту – 220005, Менск 5, паштовая скрынка 111 – ці праз Інтэрнэт.