(Бандарук: ) “Багатыя краіны схільныя менш значэньня прыдаваць рэлігіі, але выключэньнем зьяўляюцца Злучаныя Штаты”, – сьцьвердзілі сацыёлягі з арганізацыі The Pew Global Attitudes Project. Аказалася, што Злучаныя Штаты – самая рэлігійная з усіх індустрыяльных краінаў сьвету. Сацыёлягі правялі апытаньне ў 44 краінах сьвету на тэму, якое месца ў іхным жыцьці займае рэлігія. Больш за 90 адсоткаў жыхароў Інданэзіі, Пакістану, Малі і Сэнэгалу сказалі, што рэлігія для іх “вельмі важная”. Таксама шэсьць зь дзесяці амэрыканцаў заявілі, што рэлігія адыгрывае “вельмі важную ролю ў іхным жыцьці”. У Расеі, якая лічыць сябе праваслаўнай краінай, гэты паказчык склаў ўсяго 14 адсоткаў, а ў Беларусі апытаньня не праводзілася. А як, на фоне іншых краінаў, выглядае рэлігійнасьць беларусаў? Вось думка на гэты конт праваслаўнага сьвятара зь Менску Аляксандра Верамейчыка”.
(Верамейчык: ) ”Што тычыцца рэлігійнасьці беларусаў, дык напэўна, наш народ рэлігійны. Зараз, мы бачым, што людзі шукаюць Бога, шукаюць часта ў нейкіх містычных аб'яднаньнях, якія ў нас зьяўляюцца, праз астралёгію, праз розныя іншыя, ня цалкам добрыя справы. На падставе таго, што назіраецца ў Менску, па-мойму, набожнасьць у нас набывае рысы раньняга хрысьціянства, што яно, хрысьціянства, становіцца рэлігіяй гарадоў. На жаль, вёска ў гэтым сэнсе трошкі адстае. Як кажуць бабулі: зімою зашмат сьнегу, каб ісьці ў храм, а ўлетку шмат працы. У горадзе чалавек неяк не залежыць ад зямлі, ён не загледжаны толькі на зямлю. Горад – гэта і болей адукаваных людзей, вышэйшыя навучальныя ўстановы. І калі чалавек пачынае шукаць Бога, ён зьвяртаецца да Царквы, Праўда, часам праз самыя розныя канфэсіі: пратэстантызм, каталіцтва або праваслаўе. Але гэты рух ёсьць, і слава Богу, ён яшчэ не спыніўся”.
(Бандарук: ) “Што тычыцца рэлігійнасьці эўрапейцаў, дык, для прыкладу, 33% брытанцаў лічаць рэлігію важнай ў іхным жыцьці, у Нямеччыне – 21%, у Францыі – усяго 11%. Аб крызысе рэлігійнасьці ў Заходняй Эўропе можа сьведчыць наступны факт. Міністар будаўніцтва зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія Міхаэль Вэспэр заклікаў перадаць пустыя хрысьціянскія храмы ў карыстаньне мусульманам. “Паколькі многія храмы апусьцелі, хрысьціянскія цэрквы павінны пусьціць туды іншых. Лепш перадаць аб’екты ў карыстаньне вернікам, хаця б і зь іншай рэлігіі, чым зносіць іх”, – сказаў міністар. Ці можна спадзявацца падобнага і ў Беларусі?”
(Верамейчык: ) “Я думаю, што гадоў 30-50 гэтага ў нас не адбудзецца. Па першае, у нас зараз другая праблема, ў нас не хапае храмаў. Вось, для прыкладу, нашая парафія ня мае свайго будынку. Мы ходзім па розных установах, нешта арэндуем, мы ня маем магчымасьці пабудаваць храм. Ёсьць вялікая праблема, таму што нам патрэбна шмат храмаў і будынкаў, але іх няма, бо няма сродкаў, няма людзей, якія нам дапамагалі б. Але ж працэс сэкулярызацыі будзе прасоўвацца і на Беларусі, бо, як бы там не было, сэкулярызацыя грамадзтва адбываецца. Спрыяе гэтаму тэлебачаньне. Вось, расейскае тэлебачаньне робіць вельмі дрэнную справу. Яно стала амаль поўнасьцю антыхрыстьціянскім і антыправаслаўным. На НТВ, ОРТ ёсьць розныя праграмы, кшталту ток-шоў, якія зьяўляюцца калькай тых не найлепшых заходніх узораў, якія там на Захадзе пачалі людзям пераядацца. Я лічу, што гэты працэс будзе працягвацца, але зараз, мы як бы яшчэ на нейкай хвалі, мы яшчэ рухаемся ўперад, хаця нікуды ад гэтага ня дзенешся, і тое, што зараз адбываецца ў Заходняй Эўропе, яно прыйдзе і да нас, і мы павінны да гэтага рыхтавацца”.
(Бандарук: ) “Усё ж, вельмі дзіўная зьява адбылася ў былой сацыялістычнай краіне Чэхіі. Здавалася б, камунізм скончыўся, у краіне поўная рэлігійная свабода. Аднак у Чэхіі за апошнія 10-12 гадоў рэлігійнай свабоды павялічылася толькі колькасьць парафіяў, аднак колькасьць вернікаў зьменшылася на траціну. 70% чэхаў называюць сябе атэістамі, а толькі 0,5% маладых чэхаў кажуць, што яны цікавяцца рэлігіяй. Чэхія ператвараецца ў найболей атэістычную краіну сьвету. У самой праскай дыяцэзіі, у 100 храмах наагул няма сьвятара. Усё гэта ў сытуацыі поўнай рэлігійнай свабоды. Ці гэта значыць, што ў далейшай пэрспэктыве такая сытуацыя непазьбежная і ў Беларусі?”
(Мардзьвінцаў: ) "Гэта безумоўна будзе. Нават у краінах, якія былі вельмі рэлігійныя нават у камуністычныя часы, як, напрыклад, у Польшчы, цяпер мы бачым, што працэс сэкулярызацыі і там адбываецца вельмі хутка. Цяпер там шмат хто патрабуе, каб дазволіць такія рэчы, як аборты, як гомасэксульныя шлюбы і гэтак далей. І мне здаецца, тое самае будзе і ў Беларусі, таму што рэлігійнасьць, духоўнасьць патрабуе ад чалавека нейкіх высілкаў, на жаль, грахоўная прырода чалавека такая, што чалавек пазьбягае намаганьняў, як казаў Хрыстос, "шырокая дарога, шырокая брама вядзе ў пекла", і на жаль, ва ўсе часы, і ў наш час таксама, людзей больш вабіць дарога, якою йсьці лягчэй, чым тая, дзе трэба ўзяць на сябе крыж і несьці яго".
(Бандарук: ) “Гэта была думка пастара Касуся Мардзьвінцава. Паводле апытаньня, праведзенага Інстытутам Гэлапа, цікаўнасьць да рэлігіі і малітвы ў ЗША рэзка павялічылася адразу пасьля трагедыі 11 верасьня. Храмы ўсіх канфэсіяў запоўніліся, а Бібліі і рэлігійныя прадметы зьнікалі з полак гэтак, як і нацыянальныя сьцяжкі. Дарэчы, само хрысьціянства для шмат каго зьяўляецца рэлігіяй людзей няшчасных і абяздоленых. У Эвангельлі гаворыцца: “Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас. Вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым” (Мацьв. 11, 28-29). Атрымліваецца, што шмат праўды ў прымаўцы “калі трывога, тады да Бога”. Айцец Верамейчык”.
(Верамейчык: ) “Я думаю, што калі чалавеку дрэнна, калі яму горка, ён пачынае шукаць нейкае выйсьце і йдзе да Бога. Бог сьпярша зьвяртаецца да чалавека шэптам любові, ціха кліча чалавека да сябе, кажа: "Я люблю цябе, ідзі да мяне". Калі чалавек ігнаруе гэты заклік, калі гэта не дапамагае, тады Бог, як Бацька, які любіць сваё стварэньне, скарыстоўвае рупар цяжкасьцяў, ужывае больш радыкальныя сродкі, усклікае: “Чалавек, апамятайся". Я думаю, што цяпер мы, беларусы, зьвяртаемся да Бога і таму, што нам ня надта добра жывецца, у нас няма тых матэрыяльных магчымасьцяў, якія ёсьць на Захадзе. І вось і гэта зьвяртае нас да Госпада, бо людзі шукаюць паратунку ў нейкай вышэйшай сіле".
(Бандарук: ) “Да сказанага а. Аляксандрам дадам, што паводле згаданага апытаньня Гэлапа, ажно 96% амэрыканцаў называюць сябе веруючымі людзьмі, а 75% вераць ў замагільнае жыцьцё. Аднак толькі палова з тых, хто лічыць сябе вернікам, наведвае храм і моліцца. Калі Інстытут Гэлапа спрабаваў праверыць рэлігійныя веды амэрыканцаў, усяго 20% апытаных ведалі, хто выступіў з Нагорнай Казаньню. Кожны другі ведаў, зь якой кнігі пачынаецца Біблія, і толькі кожны чацьверты ўмеў патлумачыць, якую падзею адзначаем ў часе Вялікадня. Палова амэрыканцаў адзначала, што яны “адухоўленыя” людзі, але неабавязкова вераць у традыцыйнага Бога або царкоўныя догмы. Такім чынам можна сказаць, што амэрыканцы ў нешта вераць, але самі ня ведаюць, у што. Пацьвердзіла гэта Эліза Сарнацка-Магоні з Форт-Колінз у штаце Калярада, якая вывучае гэтую праблему”.
(Сарнацкая: ) "На жаль, гэтак справы маюцца. Напэўна, спрыяе гэтаму спажывецкае стаўленьне да царквы, тое, што людзі шукаюць у царкве нейкай прыемнасьці і выгады для сябе. Факт, што й царква, спрабуючы прыцягнуць да сябе, я тут скарыстаю паняцьце "вернікаў-кліентаў", не абцяжарвае сваіх парафіянаў складанымі догмамі веры, ні высокімі этычнымі патрабаваньнямі. Яна адмаўляецца ад грунтоўнага вывучэньня Бібліі і тэалягічных нюансаў. У такой сытуацыі і вернікі не адчуваюць патрэбы паглыбленьня сваіх рэлігійных ведаў. Абодвум бакам залежыць на фармальнай прыналежнасьці да нейкай абшчыны, яны хочуць чэрпаць з гэтага для сябе нейкія карысьці, а не паглыбляцца ў складанасьці . Цэрквы болей зацікаўленыя ў колькасьці, а ня якасьці. З другога боку, хто ведае, ці ня лепш, што большасьць людзей верыць, або хоча верыць, што існуе нешта вышэйшае за нашае будзённае існаваньне, чым сытуацыя, калі людзі цалкам не прызнаюць Бога і лічаць, што сама рэлігія ня мае сэнсу. Я думаю, што ў справах веры, пэўны мінімум значна лепшае, чым цалкам нічога".
(Бандарук: ) “Некалькі гадоў пражыў ў Амэрыцы ў часе сваёй вучобы і пастар Кастусь Мардзьвінцаў. Ён лічыць, што з глыбінёй рэлігійнасьці і тэалягічнымі ведамі-ня лепш і ў беларусаў”.
(Мардзьвінцаў: ) "У нас агульнапрынятая думка, што нібыта вера і рэлігійнасьць амэрыканцаў – даволі павярхоўная ў параўнаньні са славянамі. Так, сапраўды, некаторыя амэрыканцы ставяцца да рэлігіі як да нейкай прыдатнай і практычнай рэчы, накшталт новага кухоннага камбайну. Але сярод амэрыканцаў я сутыкнуўся з многімі глыбока веруючымі людзьмі, для якіх вера – неад'емная частка жыцьця. Я думаю, і на Захадзе, і ў нас бывае павярхоўнае стаўленьне да рэлігіі. Наўрад ці ў нас адносіны да рэлігіі больш глыбокія. Я не зьдзіўлюся, калі б аказалася, што меншасьць тых беларусаў, якія рэгулярна наведваюць храм, ведаюць на памяць малітву " Ойча Наш" або "Сымбаль Веры". Чалавеку заўсёды лягчэй схавацца за нейкімі зьнешнімі выявамі рэлігійнасьці, чым мець жывыя дачыненьні з Богам, якія патрабуюць адказнасьці, якія накладаюць на чалавека абавязкі. І мне здаецца, гэта праблема агульная і для Захаду, і для нас".
(Бандарук: ) “Лічыць пастар Эвангелічна-Лютэранскай Царквы з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў. Такім чынам, безумоўна, шмат праўды ў тым, што “калі трывога – тады да Бога”. Заможнае, забясьпечанае, бестурботнае жыцьцё напэўна не спрыяе набожнасьці, але з другога боку, і пра душу чалавек пачынае думаць тады, калі ў яго поўны страўнік. Такім чынам, відавочна, рэлігійнасьць мае болей складаныя прычыны”.