Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Ян Павал II і Беларусь


Сяргей Абламейка, Прага

16 кастрычніка ў Ватыкане ўрачыста быў адзначаны 25-гадовы юбілей пантыфікату папы Яна Паўла ІІ. А 25 гадоў назад над пляцам Сьвятога Пятра ў Рыме разьнесьліся словы аднаго з кардыналаў, сказаныя на лаціне:

“...Habemus Papam… (воплескі) Carolum Sancte Romanae Ecclesiae cardinalem Wojtyla… (воплескі)… Wojtyla, il cardinale Wojtyla, il cardinale polacco…”

Гэтак 25 гадоў назад адзін з карыдналаў і дыктар італьянскай тэлевізіі абвесьцілі сьвету, што новым папам стаў польскі карыднал Караль Вайтыла.

Усе буйнейшыя выданьні сьвету зьмясьцілі ў гэтыя дні артыкулы пра Яна Паўла ІІ. Адзначаецца, што ён спрычыніўся да развалу камуністычнай сыстэмы, да адраджэньня цэркваў ва Ўсходняй Эўропе, да паляпшэньня адносінаў з пратэстантамі, праваслаўнымі і юдэямі. Ян Павал ІІ стаўся першым папам, які стаў шмат езьдзіць па сьвеце – ён зьдзейсьніў больш за 100 замежных паездак, і гэта моцна ўзьняло папулярнасьць Каталіцкай царквы. Было, зрэшты, апублікавана і шмат крытыкі. Напрыклад, нямецкі тэоляг-дысыдэнт Ганс Кунг у швайцарскай газэце Sonntagszeitung сьцьвярджаў, што за час пантыфікату Яна Паўла ІІ мільёны вернікаў сышлі з Каталіцкай царквы. Прыгадалі крытыкі і нязьменна цьвёрдую пазыцыю Яна Паўла ІІ у захаваньні цэлібату сьвятароў, непрызнаньні гомасэксуальных шлюбаў і змаганьні з абортамі.
Што да ўкладу папы ў паразу камунізму, дык варта згадаць і яго непрыняцьце чыстага капіталізму. Ян Павал ІІ заявіў, што “свабодны рынак ня можа сам па сабе забясьпечыць усеагульны дабрабыт, бо існуе шмат чалавечых патрэбаў, якім няма месца ў рынку”.

Мы, аднак, сёньня засяродзім сваю ўвагу на значэньні пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі. Менавіта гэты папа прызначыў першага ў другой палове ХХ стагодзьдзя каталіцкага біскупа ў Беларусі – Тадэвуша Кандрусевіча, а пасьля у 1993 годзе павялічыў колькасьць дыяцэзіяў, прыўзначыў новых біскупаў і першага ў гісторыі беларускага кардынала Казімера Сьвёнтака.

Напачатку ў сёньняшнім выпуску Сымбаля Веры Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі, доктар тэалёгіі архімандрыт Сяргей Гаек гаворыць пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі.

(а. Гаек: ) "Якраз у вечар, калі кардынал Вайтыла быў выбраны на Папу Рымскага, я быў на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане і калі пачуў, што папам стаў славянін, я ня меў сумневу, што яго пантыфікат прынясе шмат карысьці для цэркваў ва ўсім славянскім сьвеце – ва Ўсходняй Эўропе, і, натуральна, у Беларусі. Ужо пешыя словы, якія ён накіраваў для вернікаў "Non abiate paura" ("Ня бойцеся") – былі вялікім заклікам для ўсяго эўрапейскага Ўсходу. Я не сумняваўся, што ён у новы спосаб будзе шукаць месца царквы ў грамадзтве і місію царквы ва ўсім сьвеце, але асабліва ў той частцы сьвету, якая была пад камуністычным ярмом.

Вельмі хутка Сьвяты айцец пачаў у прывітаньнях да ўсяго сьвету на Пасху і на Раство Хрыстова кіраваць некалькі словаў і па-беларуску. У той час, калі Беларусь была ў складзе Савецкага Саюзу. Першы візыт папы ў Польшчу ў 1979 годзе меў значэньне і для Беларусі і для ўсяго Савецкага Саюзу. Асабліва, калі папа ў Гнезьне накіраваў свой заклік да ўсіх краінаў Ўсходняй Эўропы. Пасьля таксама ў Асьвенціме, у Аўшвіцы, Сьвяты айцец узгадаў ахвяры таталітарызму, фашызму, але таксама і ахвяры ўсіх таталітарызмаў, у тым ліку і сталінскага. Зразумела, што ўжо падчас наступных пілігрымкаў у Польшчу, на гэтыя сустрэчы маглі прыяжджаць некаторыя пілігрымы зь Беларусі. І гэта заўжды была крыніца вялікай духовай сілы.

Сьвяты айцец Ян Павал ІІ прыняў два разы біскупа Часлава Сіповіча зь беларускімі сьвятарамі, якія ў той час жылі ў вольным сьвеце – у Заходняй Эўропе і ў Амэрыцы. Гэта давала магчымасьць паінфармаваць Сьвятога айца пра рэальную сытуацыю, у якой жыла царква ў Беларусі.

Пасьля прыйшлі бэатыфікацыя 13 мучанікаў Падляскіх, пасьля 13 беларускіх мучанікаў часоў ІІ Сусьветнай вайны ў рамках бэатыфікацыі ў Варшаве 108 мучанікаў, пасьля 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку. Вось гэта такія канкрэтныя моманты, якія канкрэтна абуджалі надзею і сілу веры ў вернікаў Беларусі.

Вядома, калі глядзець на навучаньне Сьвятога айца – а навучаньне Сьвятога айца мае характар унівэрсальны, і энцыклікі – гэта лісты, якія папа накіроўвае да ўсіх вернікаў Каталіцкай царквы, – але некаторыя з гэтых энцыклікаў у асаблівы спосаб адносіліся да Ўсходняй Эўропы, да Ўсходу. Я нагадаю толькі апостальскі ліст "Magnum baptismi donum" ("Вялікі дар хрышчэньня"), які быў накіраваны да ўсіх, хто ў 1988 годзе сьвяткаваў хрышчэньне Кіеўскай Русі, і гэта таксама адносілася да Беларусі. Пасьля была энцыкліка пра славянскіх апосталаў Кірыла і Мятода - "Slavorum apostoli". Пасьля было апостальскае настаўленьне "Orientale lumen" ("Сьвятло Ўсходу"), якое вельмі канкрэтна гаварыла пра ўсходнія цэрквы, у тым ліку і пра Грэка-Каталіцкую царкву, гэта значыць таксама і пра Беларускую Грэка-Каталіцкую царкву. Далей была адна з апошніх энцыклікаў "Ut unum sint" ("Хай усе будуць адно"), дзе гаворыцца пра экумэнічнае заангажаваньне Каталіцкай царквы і пра неабходнасьць прымірэньня паміж хрысьціянамі, у тым ліку і паміж праваслаўнымі і католікамі. Гэта азначае, вядома, вялікі выклік, вялікае заданьне для ўсіх хрысьціянаў, у тым ліку і ў Беларусі”.

Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, як вы чулі, лічыць, што першыя візыты папы Яна Паўла ІІ у Польшчу і першыя беатыфікацыі беларускіх мучанікаў абудзілі ў беларускіх верніках надзею і сілу веры.

Мы запрасілі да ўдзелу ў сёньняшняй перадачы і галоўную рэдактарку беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніцу Хрыстыну Лялько. Яна таксама гаворыць пра значэньне дзейнасьці Яна Паўла ІІ для Беларусі.

(Ляьлко: ) "Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаўся крыніцаю сілы і надзеі для грамадзтва найперш у краінах так званага сацыялістычнага лягеру. Ён стаўся заклікам для адновы сумленьня, а таксама як бы прадвесьцем тых зьменаў, якія сапраўды неўзабаве наступілі. Раней касьцёлы ва Ўсходняй Эўропе называлі касьцёламі маўчаньня. Зь першых дзён пантыфікату папа даў зразумець, што гэтыя касьцёлы маўчаньня могуць разьлічваць на яго падтрымку. І так яно сталася. Папа адразу зьмяніў аб'ект, да якога скіроўваў свае пасланьні. Гэта ўжо былі не камуністычныя ўлады, а вернікі і ўсе людзі добрай волі ў гэтых паднявольных краінах. І калі ўжо казаць пра значэньне гэтага пантыфікату для вяртаньня рэлігійнай свабоды, то трэба згадаць адну зь першых папскіх энцыклік "Redemptor hominis" ("Адкупіцель чалавека"), у якой папа падкрэсьлівае, што ігнараваньне рэлігійнай свабоды – гэта радыкальная несправядлівасьць адносна таго, што ёсьць асабліва глыбокім у чалавеку, што ёсьць сапраўды чалавечым. Галоўным ва ўсім навучаньні Яна Паўла ІІ заўсёды была ня толькі павага да правоў чалавека, але і да годнасьці асобы.

Ацэньваючы значэньне гэтага пантыфікату нельга не сказаць пра адносіны папы да Грэка-Каталіцкай царквы – найбольш перасьледуемай каталіцкай супольнасьці на тэрыторыі былога Саюза. У часе папярэдніх пантыфікатаў гэтая праблема замоўчвалася. Ян Павал ІІ адразу ўзьняў свой голас у абарону уніятаў. На пачатку 80-х, калі жалезная заслона здавалася яшчэ непарушнай, Ян Павал ІІ заклікаў касьцёл пераступіць усе існуючыя межы і дыхаць двума лёгкімі – усходнім і заходнім. Гэта быў прарочы заклік, бо ён зьмяняў людзкую сьвядомасьць, ён вяртаў надзею ў сэрцы людзей. З пэрпэктывы часу добра бачна, які агромністы быў ўнёсак гэтага пантыфікату ў распад камунізму, у вяртаньне рэлігійнай свабоды ва Ўсаходняй Эўропе.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэньне таксама для Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, для яго адраджэньня. Папа добра ведае пакутную гісторыю каталіцтва ў нашым краі, разумее ўсе мінулыя і сёньняшнія праблемы касьцёлу ў Беларусі, які называе ўмілаваным і блізкім ягонаму сэрцу. На пачатку 90-х Сьвяты айцец рэарганізаваў дыяцэзіяльныя структуры ў Беларусі, прызначыў касьцёльную гіерархію. Ён неаднаразова падкрэсьліваў, што "я нашу глыбока ў сэрцы ўсё тое, што сталася вашым лёсам". І гэта для нас, беларусаў, асабліва дорага.

Літаральна пазаўчора, 16 кастрычніка, у Рыме ў часе ўрачыстай Літургіі, прысьвечанй 25-годзьдзю пантыфікату, зьвяртаючыся па-беларуску да пілігрымаў зь Беларусі, Сьвяты айцец сказаў: "Дзякую вам за высілкі ў справе адзінства". Менавіта адзінства хрысьціянаў – гэта яшчэ адзін ці ня самы важны клопат папы Яна Паўла ІІ. Яго часта і справядліва называюць пілігрымам спакою, дыялёгу і паяднаньня, які імкнецца выканаць волю Хрыста, "каб усе былі адно". Менавіта так называецца яго энцыкліка, апублікаваная ў 1995 годзе ("Ut unum sint"). У гэтым важным дакумэнце Ян Павал ІІ падкрэсьлівае, што экумэнізм – гэта шлях касьцёла, а не часовая мода. Бо падзелы сярод вучняў Хрыста перашкаджаюць абвяшчаць сьвету добрую навіну аб збаўленьні”.

Вось так рэдактарка беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько ацэньвае пантыфікат Яна Паўла ІІ і яго значэньне для Беларусі.

16 кастрычніка, калі адзначаўся юбілей пантыфікату, Таварыства Беларускай мовы накіравала Яна Паўлу ІІ віншаваньне з падзякай за пашырэньне беларускай мовы ў Беларусі і сьвеце. Вядома, што менавіта гэты папа першым стаў зьвяртацца два разы на год па-беларуску да беларускага народу. Пасьля ён шмат разоў прамаўляў па-беларуску на сустрэчах зь беларускімі вернікамі і біскупамі. Сёньня беларуская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай Каталіцкай царквы ў Беларусі, па-беларуску служацца набажэнствы і прамаўляюцца казаньні ў большасьці каталіцкіх парафіяў Беларусі і вядзецца навучаньне ў Вышэйшай каталіцкай сэмінарыі ў Пінску.

Калі гаварыць пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі, нельга абысьці і тэмы адносінаў Каталіцкай царквы з Праваслаўнай. Менавіта з-за напружаных адносінаў Ватыкану з Рускай Праваслаўнай царквой Ян Павал ІІ дагэтуль ня змог прыехаць у Беларусь. Як вядома, з суседзяў Беларусі ён наведаў ужо Польшчу, Літву і Ўкраіну, і ня быў толькі ў самой Беларусі і ў Расеі. Афіцыйная прычына напружанасьці з боку РПЦ – Унія на Ўкраіне і заснаваньне каталіцкіх структураў у Расеі. Пры гэтым, пратэстуючы супраць заснаваньня каталіцкіх япархіяў у Расеі, РПЦ чамусьці замоўчвае факт, што ў каталіцкіх краінах Эўропы свабодна дзейнічаюць япархіі Рускай Праваслаўнай Царквы.

Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі выйшаў на вуліцы Менску і правёў апытаньне на тэму “Ці пойдзеце вы на папскую мшу, калі Ян Павал ІІ прыедзе ў Беларусь”.

(Дзяўчына: ) “Я б пайшла, але з бацькамі. Калі б маці мне сказала, я б пайшла. Цікава паглядзець, паслухаць. Але нават зь сябрамі я б туды не пайшла. Гэта вельмі адказна, і зь сябрамі ня тое".

(Хлопец: ) "Не, я не пайшоў бы. Бо я праваслаўны, а не каталік".

(Спадар: ) "Я б пайшоў ня толькі зь цікавасьці, але каб проста паглядзець на чалавека зь невялікай адлегласьці".

(Хлопец: ) "Не пайшоў бы. Я ня вернік, каб туды хадзіць. Тым больш я яго ў дзяцінстве бачыў. Жаданьня больш убачыць няма".

(Дзяўчына: ) "Думаю, што пайшла б. Проста каб пабачыць выбітную асобу й асабіста пазнаёміцца".

(Спадар: ) "Не пайшоў бы. Калі ўзяць гісторыю каталіцызму, то каталікі рабілі рэпрэсію, як у сталінскія часы, катавалі й забівалі людзей. Я праваслаўны. За праваслаўе я пайшоў бы".

(Спадар: ) "Пайшоў бы, хаця я й ня вернік. Цікава паглядзець на жывога Папу".

(Хлопец: ) "Відаць пайшоў бы з цікавасьці, хаця я праваслаўны".

(Іншы холпец: ) "Я бы не пайшоў, бо я ня ёсьць вернікам. Веру толькі ў сябе".

(Кабета: ) "Пайшла б. Бо мы хрысьціяне, а Папа ёсьць найвялікшым сьвятаром у цяперашнім сьвеце. Ён ёсьць сымбалем веры. Я не падзяляю веру на каталіцкую й праваслаўную. Для мяне Бог адзіны, і я магу хадзіць як у касьцёл, так і ў царкву. Таму я б пайшла".

(Дзяўчына: ) "Пайшла б хутчэй за ўсё. Я яму веру".

(Хлопец: ) " Не – не пайшоў бы. Я – праваслаўны".

(Дзяўчына: ) "Так, пайшла б. Гэта ж Рымскі Папа – гэта наша культура, наша вера. Мы павінны яе падтрымліваць".

(Яе сяброўка: ) "Такама пайшла б".

(Жанчына: ) " Не, я бы не пайшла. Проста мяне гэта не цікавіць".

Вось так менчукі адказваюць на пытаньне, ці пойдуць яны на папскую мшу ў выпадку, калі Ян Павал ІІ прыедзе ў Беларусь. Мне застаецца дадаць, што афіцыйнае віншаваньне Яну Паўлу ІІ з нагоды 25-годзьдзя пантыфікату накіраваў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Тым ня менш мовы пра прыезд папы ў Беларусь па-ранейшаму няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG