Удзельнічаюць: Алена Баркоўская, Алег Манаеў, Міхась Залескі.(эфір 7.28.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст Зараз, паводле афіцыйнае прапаганды, Беларусь – краіна, якая ня ведае сур'ёзных палітычных і сацыяльных канфліктаў: насельніцтва, маўляў, задаволенае палітыкаю ўладаў, цярпліва трывае цяжкасьці, а апазыцыю падтрымлівае купка аплочаных экстрэмістаў. Але гэтая карціна не адпавядае рэчаіснасьці. І справа ня толькі ў тым, што ў шматлікіх акцыях апазыцыі ўдзельнічаюць ня сотні, а тысячы, дзясяткі тысячаў людзей, але і ў наяўнасьці даволі ўнушальнага пратэстнага патэнцыялу. Паводле апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, прыкладна 20 % рэспандэнтаў гатовыя браць удзел у мітынгах, дэманстрацыях і пікетах, 13-15% апытаных выказалі гатоўнасьць страйкаваць, а прыкладна кожны дваццаты заявіў, што гатовы ўдзельнічаць нават ува ўзброенай барацьбе. Гэтыя паказчыкі дастаткова устойлівыя – на працягу года яны мяняліся толькі на некалькі адсоткаў. Хаця, калі глядзець дадзеныя за больш працяглы час, узровень гатоўнасьці да актыўных, нават радыкальных, дзеяньняў істотна вагаецца. Гаворыць сацыёляг Міхась Залескі. (Залескі): "Колькасьць людзей, гатовых паўдзельнічаць у актыўным супраціве, у часы СССР была досыць невялікая. Але потым яна пачала імкліва ўзрастаць, і ў 1990 годзе была недзе палова адсоткі людзей, якія паказвалі ў анкэтах, што яны гатовыя ўзяцца за зброю дзеля высьвятленьня сваіх ідэйных ці яшчэ якіх адрозненьняў ад астатніх. А падчас прэзыдэнцкае кампаніі ў Магілеўскае вобласьці, я памятаю, колькасьць такіх людзей дасягала 12%". Жыцьцё ў Беларусі за апошнія гады, мякка кажучы, не палепшылася. Але паміж зьменамі ўзроўню дабрабыту і гатоўнасьцю пратэставаць няма просталінейнае залежнасьці: стала жыць горай – людзі выходзяць на вуліцу. Чаму гэтага не адбываецца? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе прэзыдэнт цэнтру "Сацыяльныя і экалягічныя даследваньні" Алена Баркоўская. (Баркоўская): "Зь месяца ў месяц вынікі сацыялягічных апытаньняў сьведчаць пра тое, што матэрыяльнае становішча большасьці насельніцтва пагаршаецца. У чэрвені 60% апытаных адзначылі пагаршэньне свайго становішча, траціна апытаных сказала, што іх матэрыяльнае становішча за год не зьмянілася, і толькі 8% канстатавалі паляпшэньне свайго становішча. Але ці гатовыя нашыя людзі адстойваць сваё права на нармальныя жыцьцёвыя умовы, ці можна чакаць масавых пратэстаў? Варта паглядзець, каму можа быць адрасаваны пратэст . Мабыць, таму, каго вінавацяць за дрэнныя ўмовы жыцьця. У найбольшай ступені незадаволенасьць нашых апытаных адрасаваная ўраду і мясьцовым уладам. Амаль палова апытаных вінавацяць іх. Траціна лічыць, што вінаваты прэзідэнт. Мафія, бюракраты, кіраўнікі прадпрыемстваў і нават прадпрымальнікі значна "адстаюць" ад ураду і прэзыдэнта. Але калі мы глядзім на вынікі даследваньняў, мы бачым, што і надзеі на паляпшэньне сытуацыі ў большае ступені зьвязваюцца ізноў-ткі з прэзыдэнтам і з урадам, а не зь якімі іншымі ўстановамі ці арганізацыямі". Алена Баркоўская зьвярнула ўвагу на важны мэханізм масавае сьвядомасьці: у сваіх эканамічных нягодах людзі вінавацяць у першую чаргу вышэйшую ўладу, але на яе ж, на уладу, і ўскладаюць надзеі на паляпшэньне становішча. Пакуль захоўваецца гэтая надзея – пратэстны патэнцыял застаецца патэнцыялам. Праўда, дзеяньне гэтага механізму пакрысе слабне, але наколькі істотна? Пра гэта гаворыць дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Алег Манаеў. (Манаеў): " Давер да галоўных дзяржаўных інстытутаў – прэзыдэнта, ураду, мясцовых уладаў, праваахоўных ворганаў – працягвае зьніжацца. Выключэньне складаюць, бадай, толькі царква і войска. Але з гэтага не вынікае, што ў насельніцтва, якое расчараванае ўва ўладзе, нарастае гатоўнасьць падтрымаць пляны апазыцыі. Давер да структураў палітычнае апазыцыі застаецца на дастаткова нізкім узроўні, і тэндэнцыі да росту не назіраецца. Праўда, варта зьвярнуць увагу на ўскосныя паказчыкі: можна заўважыць пэўны рост сымпатыяў ( ці зьніжэньне антыпатыяў) да масавых акцыяў апазыцыі. Калі, напрыклад, да мінулагодняга "Маршу Свабоды" станоўча паставіліся 17% апытаных, а адмоўна – амаль 60%, то акцыі "Гарачае вясны –2000" ухваліла амаль чвэрць апытаных, а нэгатыўна ацанілі 43% рэспандэнтаў. На мой погляд, гэта вынік як падрыхтоўчай працы апазыцыі, гэтак і брутальнай рэакцыі ўладаў. Але гэтыя дадзеныя, на мой погляд, не даюць падставы казаць пра кардынальныя зьмены ў масавай сьвядомасьці, пра істотнае падвышэньне пратэстнага патэнцыялу і гатоўнасьці да актыўных дзеяньняў". Варта адзначыць, што ў тых беларусаў, якія незадаволеныя палітыкаю ўладаў, гатоўнасьць да радыкальных дзеяньняў значна вышэй, чым ў сярэднім па краіне. Напрыклад, у красавіцкім сёлетнім апытаньні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследваньняў сярод перакананых праціўнікаў Лукашэнкі – а такіх было 30% – кожны трэці заявіў, што гатовы браць удзел у маніфэстацыях, кожны чацьверты выказаў гатоўнасьць страйкаваць, кожны сёмы заявіў пра гатоўнасьць да ўдзелу ўва ўзбройнай барацьбе. Зразумела, у любым грамадзтве колькасьць гатовых да радыкальных дзеяньняў сярод тых, хто ставіцца непрыхільна да існуючае ўлады, больш, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Але ў Беларусі гэтае адхіленьне настолькі істотнае, што варта казаць пра сапраўдны раскол у грамадзтве. Схільнасьць да радыкальных дзеяньняў у большай ступені ўласьцівая далёка ня самым абдзеленым групам насельніцтва: менчукам, моладзі, асобам з вышэйшаю адукацыяю. Напрыклад, сярод жыхароў сталіцы гатовых да удзелу ў маніфэстацыях пратэсту амаль удвая больш, а ў страйках – на чвэрць больш, чым у сярэднім па краіне. Вось як тлумачыць гэта Міхась Залескі. (Залескі): " Арганізаваны пратэст з чыйго боку быў? З боку калгасьнікаў, дзе запазычанасьць па заработнае плаце ужо хутка за 2 месяцы будзе? Не. З боку прыватных прадпрымальнікаў, якія па сваіх прыбытках у 10 разоў пераўзыходзяць калгасьнікаў. Бунтаваць пачынаюць тыя людзі, якія страчваюць патэнцыйныя магчымасьці. У мяне ёсьць даляр, я ведаю, што заўтра ў мяне можа быць сто. І ў мяне гэтую магчымасьць забіраюць – вось гэта стварае пратэст. Гэты калгасьнік – жабрак, які працуе, як ваенапалоны, ён яшчэ будзе сядзець 100 гадоў на сваіх сотках і нікуды ня пойдзе. Калі гэта ўсе рэзюмаваць, варта сказаць: найбольшы патэнцыял супраціву ў тых сацыяльных групах, якія бачаць магчымасьць найболей страціць".
Цікава параўнаць, як за апошнія гады мяняўся пратэстны патэнцыял у Беларусі і ў Расеі. Паводле дадзеных расейскага Фонду "Общественное мнение", колькасьць расейцаў, гатовых браць удзел у акцыях пратэсту, з крызыснага верасьня 1998 году да сакавіка 2000 году зьнізілася з 27% да 6%. І беларускія ўлады, і апазыцыя малююць часам Расею, як краіну няспынных сацыяльных канфліктаў. Але, як бачым, у Расеі пратэстны патэнцыял істотна зьнізіўся, у Беларусі ж ён застаецца на даволі высокім узроўні. Аднак, варта адзначыць, што ў Беларусі значна большая колькасьць тых, хто заяўляе пра гатоўнасьць браць удзел у радыкальных дзеяньнях, але паведамляе, што дагэтуль у іх ня ўдзельнічаў. Тлумачэньне гэтага адрозненьня, якое прапануе Міхась Залескі, грунтуецца на асаблівасьцях беларускага нацыянальнага характару. (Залескі) "Каб выйсьці на вуліцу – трэба быць чалавекам досыць сьмелым, асабліва ў Беларусі. Сьмелым не з тае прычыны, што ўлады будуць ладзіць нейкі супраціў – гэта відавочна, а дзеля таго, што беларус вельмі баіцца адрозьнівацца ад астатніх, ён ня хоча адрозьнівацца ад астатніх. І калі я, беларус, зьбіраюся некуды выходзіць, я павінен быць ўпэўнены, што мяне не палічаць за "белую варону". Гэта – вельмі важны момант. Зараз адрозненьне ад часоў першых прэзыдэнцкіх выбараў палягае ў тым, што адсутнічае камунікацыя, людзі маюць мала "люстэрак", у якіх яны б маглі пабачыць ня толькі сябе, але і астатніх. Тут высьвятляецца вельмі істотная роля СМІ. Зараз паказчык гатовых да ўдзелу ў супраціве ізноў узрастае, але людзі часьцяком ня ведаюць пра гэта і ў сілу сваёй нацыянальнай мэнтальнасьці думаюць:"Я выйду, і будуць усе зь мяне сьмяяцца ці то палічаць за якога дурня."
Сапраўды, славутая беларуская памяркоўнасьць расейцам ня вельмі ўласьцівая. Але падаецца, што сваю ролю ў тым, што ў Беларусі, у адрозненьне ад Расеі, пратэстны патэнцыял так і застаецца патэнцыялам, адыгрываюць палітычныя ўмовы, што існуюць у дзьвюх краінах. У Расеі ўдзел у масавых акцыях і страйках не пагражае іх удзельнікам рэпрэсіямі, беларускія ўмовы нашым слухачам добра вядомыя. У беларускае масавае сьвядомасьці захоўваецца памяць ня толькі пра красавіцкае "сьвята непаслухмянасьці" 1991 году, але і пра жорсткае падаўленьне страйку ў мэтро ў 1995 годзе. Тут варта прыгадаць і няспынную барацьбу, якую беларуская ўлада вядзе з прафсаюзамі, спрабуючы падавіць любыя формы самаарганізацыі працоўных. Сёлета ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Пэрспэктыва выбараў заўседы зьніжае гатоўнасьць да радыкальных дзеяньняў: так бы мовіць, навошта бунтаваць, калі можна выказаць сваё незадавальненьне праз выбарчую скрыню. І зараз мы можам назіраць дзеяньне гэтае заканамернасьці ў Беларусі. Ізноў гаворыць Алег Манаеў. (Манаеў): " Калі разглядаць праблему ўдзелу ў восеньскіх парляманцкіх выбарах, падаецца малаверагодным, каб грамадзства падтрымала ідэю байкоту. Наадварот, гатоўнасьць людзей удзельнічаць у гэтых выбарах расьце: калі ўвосень летась 40 % паведамлялі пра сваю гатоўнасьць ісьці на выбары, зараз гэтая лічба складае 60 %. Адмова апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах пры актыўным удзеле ў іх насельніцтва можа зьнізіць аўтарытэт апазыцыі як унутры краіны, гэтак і па-за яе межамі. І вось чаму. Сацыяльная база апазыцыі пакуль параўнальна вузкая. Яна магла б пашырыцца за кошт групаў, якія маюць уплыў і давер у грамадзстве і адначасна незадаволеныя існуючым становішчам. Гэта – шэраговыя вернікі і сьвятары, афіцэрскі корпус, чыноўніцтва. Але якраз гэтыя сацыяльныя групы ня схільныя падтрымліваць радыкальныя дзеяньні і лічаць выбары найлепшым інструмэнтам пераменаў." Гэта было меркаваньне сацыёляга Алега Манаева. Да яго высноваў можна дадаць яшчэ адзін чыньнік. Настрой на выбары існуе ня толькі сярод уплывовых групаў насельніцтва, якія маглі б пашырыць сацыяльную базу апазыцыі, але вызначаюцца пэўным кансэрватызмам. Сярод незадаволеных існуючаю ўладаю адсотак гатовых галасаваць нават вышэй, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Гэта мае мейсца ня толькі ў групе прыхільнікаў апазыцыі, людзей, што гатовыя галасаваць за адну з апазыцыйных партыяў, але і сярод перакананых праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. І гэта нават пры тым, што група праціўнікаў кіраўніка дзяржавы вызначаецца крайнім недаверам да лукашэнкавага цэнтарвыбаркаму. Не давяраюць, не выключаюць падману, але галасаваць хочуць значна больш, чым мітынгаваць, страйкаваць ці брацца за зброю. Як казаў незабыўны Ўладзімір Ільліч, ня ўсё, што зразумела і асэнсавала партыя, зразумелі і асэнсавалі масы. Але калі грамадзская сьвядомасьць палічыць, што выбары не далі плёну, што адбыўся маштабны падман, настроі могуць зьмяніцца. Пратэстны патэнцыял нікуды не падзенецца, мы ужо казалі пра яго надзвычайную ўстойлівасьць. І калі фактар выбараў зьнікне, гэты патэнцыял можа ператварыцца ў сапраўдны пратэст.