Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НАВЯЗВАЮЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМ ЧАРГОВУЮ ПОРЦЫЮ ЗБАНКРУТАВАНЫХ КАЛГАСАЎ


Казімір Яноўскі, Гомель

Яшчэ паўтара году таму Міхаіл Шруб дамагаўся дазволу Гомельскага аблвыканкаму на далучэньне да сваёй фэрмэрскай гаспадаркі збанкрутаванага калгасу “Шлях да камунізму”. Аднавяскоўцы фэрмэра на пяці сходах галасавалі за ліквідацыю калгасу й пераход на працу да Міхаіла Шруба з зямлёю і ўсёй калгаснай маёмасьцю. Аднак волі сялянаў вёскі Хільчыцы аблвыканкам не хацеў замацоўваць юрыдычна цэлы год.

Спадару Шрубу прыйшлося нават накіраваць пазоў у гаспадарчы суд, каб той прымусіў аблвыканкам перарэгістраваць фэрмэрскую гаспадарку з улікам пажаданьня вяскоўцаў.

Цяпер аблвыканкам спэцыяльнай пастановаю сам навязвае фэрмэру яшчэ адзін збанкрутаваны калгас. Гэтым разам зь вёскі Верасьніца таго самага Жыткавіцкага раёну.

Міхаіл Шруб не пагаджаецца безаглядна ўскідаць на сябе такі цяжар:

(Шруб:) “Усё залежыць ад умоваў. Калі ўзяць бясплатна гаспадарку, гэта адна рэч. Купляць яе з паўтарамільярдным доўгам наагул нерэальна. Гаспадарка ў Верасьніцы кожны год прыносіць 360 мільёнаў рублёў стратаў. Зямля нам патрэбная, але не дабітая калгасная тэхніка ды састарэлыя будынкі. Можна, вядома, увогуле адмовіцца ад збанкрутаванага калгасу. Мы разумеем, аднак, што адмова будзе мець наступствы. Любая нашая прапанова ў будучыні, напрыклад, наконт павелічэньня зямельнага надзелу, будзе ўладамі адхіляцца. Мы хочам пагадзіцца на нейкі прымальны варыянт. Удасца ці не, пытаньне гэтае застаецца адкрытым”.

Таксама стала вядома, што аблвыканкам і райвыканкам ня маюць узгодненай пазыцыі што да перадачы фэрмэру збанкрутаванага калгасу. Райвыканкам хоча, каб Міхаіл Шруб узяў адну зь пяці збанкрутаваных гаспадарак у паўночнай частцы Жыткавіцкага раёну – за многія дзясяткі кілямэтраў ад Турава.

Цяперашняе навязваньне фэрмэрам, розным фірмам ды прамысловым прадпрыемствам збанкрутаваных гаспадарак зьвязанае з чарговай так званай праграмаю рэфармаваньня сельскай гаспадаркі. Папярэдняя практыка перайменаваньня калгасаў і далучэньня іх да, здавалася б, больш моцных гаспадарак асаблівага плёну не прынесла. У рэгіёне цяпер зноў ня ведаюць, што рабіць з 35 занядбанымі калгасамі.
XS
SM
MD
LG