Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕВАНЕЎСКАГА НЕ ВЫПУСЬЦІЛІ З-ЗА КРАТАЎ, А ПРАД’ЯВІЛІ АБВІНАВАЧАНЬНЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

А 17-й гадзіне Валерыю Леванеўскаму яшчэ ня вызначылі меру стрыманьня. Таму ў сям’і зьявілася спадзяваньне, што яны змогуць убачыць яго. Якраз а 9-й гадзіне вечара ў Ленінскі райаддзел міліцыі прыйшла жонка Валерыя Марына і дачка Кацярына.

За зачыненым акенцам сядзеў дзяжурны падпалкоўнік, Марына зьвярнулася да яго. Ён патэлефанаваў у ізалятар і сказаў, што Валерыю можна перадаць харчы, а шампунь і мыла—не. Жонка панесла перадачу, а дачка засталася чакаць. У міліцэйскім тэлевізары ў гэты момант паказвалі Аляксандра Лукашэнку. З вуліцы зайшоў капітан, адамкнуў сэйф, схаваў у ім фуражку, узяў у рукі красворд і задаў прысутным пытаньне: “пернасьць для гарэлкі—чатыры літары—хто ведае?”

Вось што сказала Марына Леванеўская, калі мы апынуліся на вуліцы:

(Жонка: ) “Пяты раз ён ужо сядзіць і атрымліваецца, што яго так не хапае. Ужо чакаем яго кожны дзень, як ніколі, настолькі яго не хапае. Ну, цяжка, цяжка без яго”.

Вельмі спадзявалася ўбачыць сёньня бацьку і Кацярына:

(Дачка: ) “Што я магу сказаць, сапраўды мы яго чакалі. І чакалі яго ў 9 гадзінаў, але ў сувязі зь непрадбачанымі абставінамі, я ўжо ня ведаю. Нам нічога не патлумачылі і сказалі ў 9 гадзінаў раніцы прыйсьці. Можаце паглядзець, можа быць яго ў 9 гадзінаў выпусьцяць—вось што нам сказалі”.

Гэта была дачка Валерыя Леванеўскага 17-гадовая Кацярына.

Што будзе заўтра—прагназаваць цяжка. Калі Валерыя Леванеўскага ня выпусьцяць, яго могуць перавесьці ў турэмны ізалятар і тэрмінам нават на два месяцы.
XS
SM
MD
LG