Невялікі цагляны дом былога франтавіка Васіля Ганжына стаіць на ўскраіне вёскі Халочча. Але, папраўдзе кажучы, вёскі ўжо няма. Колькі гадоў таму заражаныя радыяцыяй пабудовы закапалі ў зямлю. Пакінулі толькі чатыры хаты, у іх ліку – спадара Ганжына і ягонай цешчы-нябожчыцы.
Васілю Ганжыну цяпер ўжо 80. У вайну ён быў лейтэнантам, камандзірам узводу выведчыкаў. Мае тры баявыя ордэны.
Гутару з былым франтавіком.
(Карэспандэнт: ) “Як вы будзеце адзначаць сьвята Перамогі?”
(Ганжын: ) “Ну як? Бульбу будзем сеяць. Па календару 8-га і 9-га мая можна сеяць”.
(Карэспандэнт: ) “Будзеце бульбу сеяць?”
(Ганжын: ) “Так!”
(Карэспандэнт: ) “Можа вас запрасілі на сьвята Перамогі ў Менск?”
(Ганжын: ) “Не, пакуль не”.
(Карэспандэнт: ) “А хацелі б пабываць там?”
(Ганжын:) “Знаеце, няма часу”.
(Карэспандэнт: ) “У Беларусі пра вэтэранаў клапоцяцца?”
(Ганжын: ) “Слаба. Дый адкуль возьме Беларусь?! Паштоўку прышлюць, такі трохкутнік, падобны на франтавы. Два гады таму званьне прысвоілі – капітан запасу. Дзедам Талашом буду тут, у партызаны пайду”. (усьміхаецца)
Са сьвяточнай тэмы гаворка з вэтэранам спакваля пераходзіць да справаў будзённых. Васіль Ганжын ня задаволены тым, што кіраўнік дзяржавы, сустракаючыся ў чарнобыльскай зоне з самасёламі, кажа адно, а мясцовыя ўлады часьцяком робяць зусім іншае.
(Ганжын: ) “Лукашэнка зь перасяленцамі гэтымі гутарыў, ну, якія самавольна вярнуліся туды на Прыпяць. На самай справе апошнія хаты ламаюць. У мяне во побач жончынай маці хата стаіць. Брат у мяне бадзяжнічае – у яго няма жылплошчы. Няўжо ж ён ня пасяліўся б побач?! Хату хочуць зламаць, а яго сюды не пускаюць. Дый не прапішуць”.
(Карэспандэнт: ) “І вашу хату хочуць зламаць?”
(Ганжын:) “Так! Вось такое становішча”.
(Карэспандэнт: ) “Ці прыходзіў ужо хто-небудзь?”
(Ганжын: ) “Сёлета ‘шчэ не прыходзілі, але прыйдуць”.
Такая перакананасьць вэтэрана Ганжына не беспадстаўная. Ягоны расповед дапаўняе жонка Марыя.
(Марыя Ганжына: ) “Прыяжджалі маміну хату зарыць, але ж маміна хата ня аплачаная. А яны: толькі закапаем! І гэту закапаем, дзе мы яшчэ жывём. Я кажу, вы ня маеце права, мы ня атрымлівалі грошы ні за адну, ні за другую хату. Яны: нам ня мае значэньня, закапаем і ўсё. І цябе разам жыўцом закапаем. Ну, кажу, будзеце закопваць, то глыбокай ямы не капайце. Я і з плыткай ня вылезу, бо хворая, пасьля інсульту”.