Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НЯ ВЫРАШЫЛІ, ШТО РАБІЦЬ З ЗАТРЫМАНЫМ НАКЛАДАМ ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ”


Любоў Лунёва, Іўе

9 красавіка супрацоўнікі ДАІ Іўя затрымалі аўтамабіль, на якім перавозіўся наклад газэты “День”, 5500 асобнікаў. Наклад перадалі ў мясцовае ўпраўленьне міліцыі, рашэньня суду аб канфіскацыі не было. Згодна з нормамі закону, надышоў тэрмін, калі міліцыянты мусілі даць адказ: ці будуць намагацца канфіскацыі, альбо вернуць наклад газэты ўладальніку.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна і кіраўнік праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэй Бастунец намагаліся высьветліць гэтае пытаньне. Але мясцовае міліцэйскае кіраўніцтва ўхілялася ад адказаў. Кожны казаў, што “не валодае пытаньнем”. Пракурор раёну Іосіф Лявонка паведаміў, што справа знаходзіцца ў міліцыі і вядзецца праверка. Супрацоўнікі міліцыі з аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі будуць правяраць суправаджальную дакумэнтацыю. Пракурор паабяцаў, што не раней як празь месяц журналісты атрымаюць афіцыйны адказ.

Старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна абураная дзеяньнямі міліцыянтаў:

(Ліцьвіна: ) “Сёньняшняе знаёмства зь міліцыяй, пракуратурай ёсьць яскравым сьведчаньнем “тэлефоннага права” і таго, што завёцца сёньня “загадам зьверху”. Калі адбываюцца дзеяньні згодна з “загадам зьверху”, то на месцы не знаходзіцца ніводнага чалавека, які бы меў сьмеласьць што-небудзь патлумачыць. Такая манера паводзінаў прадыктаваная страхам, якім жыве сёньня адказная асоба. Сёньня была яскравая ілюстрацыя таго, што ў гэтай краіне ніхто ня возьме на сябе сьмеласьці пракамэнтаваць ці адказваць за свае дзеяньні і за тое, да чаго меў непасрэднае дачыненьне. Адказных няма”.

Вось меркаваньне старшыні праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэя Бастунца:

(Бастунец: ) “Гаворка сёньня ідзе пра вынятак накладу, а не пра канфіскацыю. Але, на маю думку, заканадаўства не давала ніякіх падставаў для гэтага. Рэч у тым, што вынятак згодна з законам аб міліцыі дазваляе вынятак не ўсяго накладу, а толькі ўзору прадукцыі. Паводле вынятага ўзору міліцыя магла праводзіць сваё расьсьледаваньне далей. Вынятак усяго накладу паводле Адміністрацыйнага кодэксу ў асобных выпадках дазваляецца, але для гэтага існуюць даволі жорсткія ўмовы і працэдура афармленьня. У дадзеным выпадку мы ня бачым, каб гэта мела месца”.

Рэдактар газэты “Дзень” Мікола Маркевіч лічыць, што ўлады пачалі расправу зь ім і ягонымі калегамі:

(Маркевіч: ) “Гэта мэтанакіраваная палітыка на зьнішчэньне Маркевіча, Мажэйкі, Пачобута, зьнішчыць Пісальніка і іншых журналістаў. Гэта наша расплата за нашу незалежнасьць ад гэтай антычалавечай улады”.

Тым часам у Горадні прадстаўнікі ЖЭСу наведалі офіс “Бацькаўшчыны”, дзе месьцілася і філія Таварыства беларускай мовы. Яны паведамілі, што скасуюць кантракт, згодна зь якім яны нібыта здавалі ў субарэнду памяшканьне газэце “День”. Цяпер гэтыя арганізацыі могуць застацца без памяшканьня.
XS
SM
MD
LG