(Карэспандэнт: ) “Колькі дзён, на вашую думку, трэба сьвяткаваць Вялікдзень? Два, як, да прыкладу, у эўрапейскіх краінах, або адзін, як сьвяткуюць цяпер у нас, на Беларусі?”
(Спадар: ) “Я думаю, сьвяткаваць трэба два дні. Так яно спачатку і было, але потым прыйшоў Лукашэнка ды паскарачаў некаторыя сьвяты, у тым ліку й Вялікдзень”.
(Спадарыня: ) “Нават і ня ведаю, што адказаць вам на гэтае пытаньне! Мабыць, лепей усё ж адзін дзень — меней гарэлкі будуць піць. А то ж у нас п’юць бязбожна, п’юць, як сьвіньні!”
(Спадар: ) “А я ўвогуле не сьвяткую. Я атэіст”.
(Дзяўчына: ) “Калі ўжо ў нас адзначаюць такія недарэчныя сьвяты, як Дзень яднаньня Беларусі з Расеяй або Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, дык ужо на Вялікдзень можна было бы і два дні дазволіць!”
(Дзяўчына: ) “Як на маю думку, дык у нас людзі ўсё адно сьвяткуюць, колькі хто хоча. А ў агульнакультурніцкім сэнсе, канечне,сьвяткаваць трэба было два дні”.
(Спадарыня: ) “Вядома ж, два!”
(Спадарыня: ) “Нават, кажуць, тры дні трэба! Я такое чула. Усё адно ж увесь тыдзень рабіць нічога нельга!”
(Хлопец: ) “Можна, я праўду скажу? Увогуле я атэіст, і мне больш даспадобы сьвецкія сьвяты. Як, да прыкладу, сёньняшні Дзень касманаўтыкі. Памятаеце: “Гагарын лятаў, Бога не відаў!” А вось каб спалучыць сёлета і Вялікдзень, і Дзень касманаўтыкі, то было б зусім выдатна!”
(Дзяўчына: ) “А я думаю так: чым болей сьвятаў, тым лепш!”
Каля “Сіняга дому” на пытаньне пра сьвяткаваньне Вялікадня адказаў апазыцыянэр Барыс Хамайда:
(Хамайда: ) “На Вялікдзень абавязкова патрэбныя два дні! Як жа? У нядзелю на ноч людзі ідуць у царкву ці касьцёл, моляцца. А ў панядзелак ім трэба адпачыць. Абавязкова два дні патрэбныя! Гэта — сьвятое!”
Дарэчы, спадар Хамайда вырашыў віншаваць землякоў зь Вялікаднем ні дзень, ні два, а цягам усяго велікоднага тыдня. У якасьці віншаваньня ён абраў словы Янкі Купалы:
(Хамайда: ) “Буду ўвесь тыдзень стаяць тут, ля “Сіняга дому”, з гэтым во плякатам: “Наперад, па шчасьце, хай злое ўсё дрогне, вясна ўжо на сьвеце, Хрыстос уваскрос!”