Супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікалі тамтэйшыя ахоўнікі, таксама атрымалі па ўлётцы. Дарэчы, на месцы падзеяў пабывала ня менш як 15 міліцыянтаў, у тым ліку трое супрацоўнікаў АМОНу. Пяць машынаў пад’яжджалі адна за адной, бо супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу ніяк не маглі вырашыць, што рабіць з 11 партыйцамі: затрымліваць або не.
Апошняе слова засталося за начальнікам РАУСу спадаром Пракаповічам, які прыехаў да прахадной заводу “Эвістар” асабіста. Прачытаўшы ва ўлётцы пра зьмены ў Канстытуцыі 1994 году, пра татальны кантроль Аляксандра Лукашэнкі над усімі сфэрамі жыцьця ды пра падвышэньне коштаў на ацяпленьне ды электрычнасьць, падпалкоўнік Пракаповіч зазначыў: “Вы думаеце, людзі самі гэтага ня ведаюць і ня бачаць?”
Пасьля гэтага міліцыянтам было загадана разьяжджацца, і затрымліваць сяброў АГП ніхто ня стаў. Аднак іхныя прозьвішчы начальнік Кастрычніцкага РАУСу загадаў перапісаць ды пакінуў сабе.