2 сакавіка, паводле афіцыйнай статыстыкі, надзвычайных сытуацыяў, выкліканых надвор’ем, на Меншчыне не было. Апошнія сьнегапады, як паведаміла нашаму радыё супрацоўніца абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Анастасія Клябан, не прынесьлі шкоды. І таму, паводле яе, у сталічнай вобласьці няма пацярпелых ад сьнежнай стыхіі.
Аднак сапраўдная сытуацыя ў гэты дзень была іншай. Напрыклад, у Пухавіцкім раёне цярпелі бедзтва ў сьнежным палоне жыхары аддаленай вёскі Пушча. Вось што паведаміла па тэлефоне мясцовая пэнсіянэрка Алена Ількевіч:
(Ількевіч: ) “Такі вялізны сьнег выпаў той начы, што на двор ня вылезьці. Ня ведаю, да каго зьвярнуцца, куды тэлефанаваць. У нас і дэпутат ня хоча працаваць. Ён кепска працуе. Той раз два тыдні не было аўталаўкі. Не было да каго датэлефанавацца. Ці яны пачысцяць дарогу ці не, ня ведаю”.
(Карэспандэнт: ) “Цяпер хлеб ёсьць у вяскоўцаў?”
(Ількевіч: ) “Які ж у нас можа быць хлеб, калі яго толькі адзін раз на тыдзень прывозяць?! Ён жа хоць і ёсьць, дык чэрствы. Цяпер жа не набярэш, бо ён дарагі. А толькі ад чацьвярга да чацьвярга”.
(Карэспандэнт: ) “А калі апошні раз сьнег чысьцілі?”
(Ількевіч: ) “Апошні раз чысьцілі сьнег як растала. Тады чысьцілі, але кепска чысьцілі, бо аўталаўка не змагла прайсьці. І не было аўталаўкі аж два тыдні”.
Паводле спадарыні Ількевіч, пушчанскіх “рабінзонаў” шматдзённае знаходжаньне ў сьнежным палоне абурае. Да Пухавічаў каля дваццаці кілямэтраў, і паскардзіцца начальству на сваю долю яны, зразумела, ня могуць. На тэлефанаваньні вяскоўцаў тое ж начальства не адказвае.
Ці ведаюць кіраўнікі раёну пра надзвычайную сытуацыю, што склалася з жыхарамі Пушчы, і ці зьбіраюцца ім дапамагаць? Вось што адказала на гэтыя пытаньні старшыня раённай камісіі па надзвычайнай сытуацыях Ларыса Рабцэвіч:
(Рабцэвіч: ) “У Міністэрства надзвычайных сытуацыяў запасаў паліва на такія сытуацыі няма. У нас паліва прадугледжанае толькі на пажары і паводкі. Па-другое, за дарогі адказваюць сельскія саветы. Сельсаветы павінны працаваць разам з калгасамі, на чыёй тэрыторыі яны знаходзяцца. Тыя дарогі, што знаходзяцца на балянсе дарожных службаў, чысьцяцца. Складанасьці мы маем ня толькі з Пушчай, такіх вёсак у нас каля дзесяці. Будзем неяк чысьціць. Прынамсі, сьнег хутка растане, і мы ўжо зараз мусім думаць, як сустрэць паводку. Таму ў нас складзены плян падрыхтоўчых мерапрыемстваў да паводкі”.
Дарэчы, ад сьнежнай стыхіі пакутуюць ня толькі жыхары Пухавіцкага раёну. Засыпаныя вёскі ёсьць на Старадарожчыне, Любаньшчыне, Вялейшчыне. Аднак і тут мясцовыя органы надзвычайных сытуацыяў працуюць на пэрспэктыву — складаюць пляны супрацьпаводкавых мерапрыемстваў.