У сярэдняй школе № 1 раённага цэнтру Краснапольле абрушыліся перакрыцьці і ўпалі ў спартовую залю, дзе ішоў урок. Там знаходзілася 47 вучняў 9-ай і 10-ай клясаў і 3 настаўнікі. Абвал перакрыцьцяў пачаўся а палове на дзясятую, літаральна перад званком на перапынак, і гэта ўратавала многіх дзяцей, якія ў гэты час, паводле слоў сьведкаў, ужо выходзілі з залі. Аднак некалькі чалавек апынуліся пад заваламі.
У Краснапольлі ідуць выратавальныя работы, увечары ўсталяванае асьвятленьне. Там працуе шмат тэхнікі, задзейнічаныя гелікоптэры, прыехалі з розных раёнаў і абласнога цэнтру выратавальнікі і мэдыкі. Пошукі людзей пад заваламі былі ўскладненыя тым, што ў трохпавярховай школе правалілася сярэдзіна, а спартовая заля знаходзілася ў цэнтры будынку на другім паверсе.
Да гэтага моманту, паведамляюць у краснапольскім штабе, завалы амаль што расчышчаны. Ужо ўвечары знойдзеныя целы двух дзяцей. Раней памёрлі ад атрыманых траўмаў настаўнік фізкультуры і вучань. Вынік трагедыі – 4 сьмерці. Пяцёра дзяцей шпіталізаваныя і мэдыкі заяўляюць, што іх жыцьцям нічога не пагражае.
Да ачэпленага месца трагедыі прыходзяць кранапольцы. Людзі ў шокавым стане. Сын мясцовага жыхара Аляксандра Дзем’янкова быў на занятках у школе ў той час, калі адбыўся абвал перакрыцьцяў. Бацька распавядае пра ўражаньні сыну:
(Дзем”янкоў: ) “Проста шок. Малы гаворыць, што быў каля дошкі. Усё закалацілася, дошка ўпала, парты сталі падскокваць. На сьценах пайшлі расколіны. Паніка! Усе пачалі выскокваць, як і ў чым маглі. Шок!”
Краснапольская школа № 1 у пачала будавацца ў 1989 годзе на чарнобыльскія сродкі, а потым будоўля была спыненая. Дарэчы, у старым будынку школы таксама абвалілілася столь, аднак абыйшлося без ахвяраў. Новую школу дабудавалі за 2 гады і адчынілі ў 2001 годзе. Пра тое, як шло будаўніцтва, распавядае Аляксандар Дзем’янкоў.
(Дзем’янкоў: ) “Гэты быў пэрсанальны аб’ект Лукашэнкі. Ён прыжджаў і сказаў: “Трэба зрабіць!” Яны і пайшлі. Са ўсёй вобласьці пазьбіралі будаўнічыя арганізацыі і ляпілі тут як маглі. Прапівалі ўсё, што можна. Тут можна было любое набыць за бутэльку на будаўнічай пляцоўцы”.
Урачыстае адкрыцьцё Краснапольскай школы № 1 прайшло ў прысутнасьці абласнога начальства ў той самай спартовай залі, дзе сёньня адбылася трагедыя.
(Дзем’янкоў: ) “У спартовай залі гэтай злашчаснай сабраліся, і па сьценках цякло ім на галовы. І яны прынялі, сдалі ў эксплюатацыю і раструбілі, што здалі добрую школу. А потым гэтая школа ў добры лівень прамакала да першага паверху”.
У Краснапольлі гавораць, што будынак школы, нягледзячы на ўсяго некалькі гадоў эксплюатацыі, ужо зьбіраліся рамантаваць. Аднак зараз прычыны абвалу перакрыцьцяў ніхто не называе. Усе афіцыйныя асобы гавораць, што вядзецца расьсьледаваньне.