Магілёў толькі пачынае рыхтавацца да Калядаў і Новага году. Першымі прыбраліся ў ліхтарыкі ды бліскаўкі магілёўскія крамы. У сьвяточных пажаданьнях і надпісах на падарунках гандляры аддаюць перавагу расейскай і ангельскай мовам. Паводле інфармацыі з гарадзкога ўпраўленьня культуры, на ўвесь Магілёў будзе толькі два транспаранты на беларускай мове. Аднак і такая крыха дала падставу супрацоўніцы ўправы культуры заявіць, што ў Магілёве імкнуцца да роўнага выкарыстаньня абедзьвюх дзяржаўных моваў.
(Спадарыня: ) “Пакуль у нас насельніцтва дзьвюхмоўнае, у нас дапушчаецца дзьве мовы — і расейская, і беларуская, таму кожны размаўляе на той мове, якая яму бліжэйшая”.
Відавочна, што кіраўніцтву абласнога цэнтру найбольш блізкая расейская мова. Сьвяточныя шоў-праграмы ў Магілёве, за выключэньнем каляднай, праводзяцца для гараджанаў па-расейску. Ды і віншаваньні з Новым годам ад імя гарадзкіх уладаў на радыё і тэлебачаньні таксама традыцыйна робяцца на расейскай мове.
Як ставяцца да гэтага самі магілёўцы? Чаму, паводле іх, людзей не віншуюць са сьвятамі на роднай мове?
(Спадар: ) “Хаця ў нас падвоеная дзяржаўная мова, беларуская ў размовах рэдка сустракаецца, таму і надпісаў мала”.
(Спадар: ) “Ад дзяржавы залежыць, ураду. Дасьць каманду на беларускай мове — будзе па-беларуску”.
Мінакі на магілёўскіх вуліцах гаворылі, што ім было б прыемна прымаць віншаваньні і на беларускай мове:
(Спадарыня: ) “Гэта, напэўна, справа часу. Мы вельмі доўга на расейскай зносіліся, у параўнаньні зь беларускай. Беларуская мова нам не чужая. Трэба, трэба, мы ў Беларусі жывем”.
У зьвязку з мовай навагодніх віншаваньняў магілёўцы разважалі пра тое, што трэба падтрымліваць нацыянальную мову:
(Спадарыня: ) “Беларускіх-та школаў у нас у Магілёве, напэўна, і няма. Нашая нацыя — нашая нацыя, і нашая мова павінна быць на верхняй прыступцы за расейскую мову”.
Магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да магілёўскіх уладаў з прапановай правесьці сустрэчу пад назвай “Беларускі Магілёў”. На ёй беларусазнаўцы мяркуюць пераканаць кіраўніцтва вэртыкалі пашырыць выкарыстаньне роднай мовы ў аздабленьні абласнога цэнтру. Гаворыць кіраўнічка арганізацыі Натальля Лебедзева:
(Лебедзева: ) “Пакуль усё толькі на расейскай мове, на жаль. Што зробіш? Такая палітыка дзяржавы, і таму асабліва перад каляднымі сьвятамі і перад Новым годам хочацца пажадаць, каб гэта зьмянілася”.