Сёлета ад імя літоўскага таварыства А.Дзіргінчус падаваў заявы мясцовым уладам, каб адзначыць гістарычныя даты, агульныя для літоўцаў і беларусаў.
(Дзіргінчус: ) “Нам было адмоўлена ў правядзеньні сьвята-канцэрту каля помніка Вітаўту, і адмоўлена наваградзкім старшынём райвыканкаму Лісам у сьвяткаваньні 750-х угодкаў каранацыі Міндоўга на Замкавай гары. Я лічу, што для нас, грамадзянаў Беларусі літоўскага паходжаньня, гэта ніяк ня менш, чымсьці плявок у твар”.
У першым выпадку літоўцы хацелі адзначыць угодкі Грунвальдзкай бітвы каля гарадзенскага помніка вялікаму князю Вітаўту, прычым адзначыць разам з Саюзам палякаў і БНФ “Адраджэньне”. Аднак улады спаслаліся на тое, што побач з гэтым месцам ёсьць стары мост, які ў аварыйным стане. Спробы судзіцца з гарвыканкамам вынікаў не далі. Што датычыць угодкаў каранацыі Міндоўга, дык адзначыць іх не дазволілі ня толькі ў Наваградку, але таксама і ў Крэве.
Альгіс Дзіргінчус лічыць, што калі ўлады забараняюць літоўцам ладзіць свае сьвяты, а толькі запрашаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, дык і самім літоўцам трэба адмовіцца ад удзелу ў фэсьце нацыянальных культураў, які адбудзецца ў Горадні налета. З гэтай сваёй прапановай Альгіс Дзіргінчус выступіць таксама на Радзе літоўскіх арганізацыяў Беларусі, якая зьбярэцца ў гэтым месяцы ў Менску.