Віцебская абласная бібліятэка дагэтуль носіць імя рэвалюцыйнага правадыра Ўладзімера Ульянава-Леніна. І менавіта гэтая акалічнасьць ёсьць галоўным контараргумэнтам у допісах абураных ды нязгодных — гэта пераважна людзі сталага веку, вэтэраны або пэнсіянэры. “Лісты пратэсту” зьявіліся ў апошніх нумарах газэты “Віцебскі рабочы”, заснаванай, дарэчы ў тым самым гістарычным лістападзе 1917 году. Сёньня гэтая газэта вылучаецца зь іншых віцебскіх выданьняў сваёй ваяўнічай пазыцыяй адносна любых праяваў нацыянальнае сьвядомасьці або апазыцыйных поглядаў.
“З абурэньнем даведаўся пра намер перайменаваць бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава! Каму толькі такое прыйшло ў галаву?..” “Перайменаваць бібліятэку — гэта перакрэсьліць нашае слаўнае ў мінулым жыцьцё, прынізіць старэйшае пакаленьне людзей, якое аддана працавала ды ваявала ў імя нашай вялікай радзімы — СССР!” — такім чынам аргумэнтуюць сваю пазыцыю аўтары “лістоў пратэсту”.
Праўда, прыхільнікаў падобнае аргумэнтацыі ў Віцебску няшмат: пытаньне пра зьмену назвы абласное бібліятэкі ўздымалася ўжо неаднаразова, і ўсе віцебскія газэты ўжо абмеркоўвалі яго ў розны час на сваіх старонках. Нягледзячы на тое, што пераважная большасьць чытачоў выказалася за перайменаваньне, бібліятэка па-ранейшаму як насіла, так і носіць імя Леніна.
Прапановы Віцебскай абласной рады ТБМ па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава сталіся, такім чынам, першым афіцыйным зворотам да гарадзкіх уладаў з мэтаю нарэшце вырашыць гэтае пытаньне. Дарэчы, апроч перайменаваньня бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава, ТБМ выказала й шмат іншых прапановаў: стварыць музэй у вёсцы Бычкі, на радзіме пісьменьніка, усталяваць мэмарыяльную дошку на будынку колішняй мастацкае вучэльні, дзе вучыўся Васіль Быкаў. Пералік прапановаў быў дасланы ў кіраўнічыя абласныя ды гарадзкія структуры яшчэ месяц таму. Аднак, паводле старшыні абласное рады Іосіфа Навумчыка, ніякага адказу ад уладаў сябры ТБМ пакуль што не атрымалі.