Камісія Міністэрства транспарту аднавіла ліцэнзію на транспартныя перавозкі. Пра гэта мне паведаміў уладальнік “Радыё Таксі” Мікалай Аўтуховіч:
(Аўтуховіч: ) “Паседжаньне камісіі адбылося. Яна вырашыла скасаваць сваё рашэньне, якое было прынятае раней. Але сёньня няма каму падпісаць пастанову (міністар знаходзіцца на нейкай нарадзе), і я мяркую, што гэта абдудзецца напачатку наступнага тыдня”.
Я патэлефанаваў у Ваўкавыск. У пакоі дыспэчараў слухаўку зьняла супрацоўніца “Радыё Таксі” Людміла:
(Людміла: ) “Сёньня выяжджаем працаваць. Для мяне гэта як сьнег на галаву. Гэта шок. Такіх эмоцыяў не растлумачыць. Трэба бачыць шчасьлівыя твары людзей, якія столькі часу былі бяз працы! У нас у горадзе ўсе шчасьлівыя, што мы пачынаем працу. Пачынаюць паступаць тэлефанаваньні: калі вы выяжджаеце? Калі ўжо можна таксоўку замовіць?”
Самае цяжкае — гэта засьпець пры тэлефоне кіроўцаў. Усе яны цяпер знаходзяцца ў тэхнічных ангарах. Мне ўдалося скантактавацца з Русланам Драем:
(Драй: ) “Кіроўцы рыхтуюць свае аўтамабілі, правяраюць іхны тэхнічны стан. Рыхтуюцца да выезду. Мы дамагаліся, каб вярнулі нам працу. Мы можам працаваць! Усе, натуральна, задаволеныя”.
Я запытаўся ў Руслана Драя, якім чынам удзельнікі акцыі пратэсту выходзяць з галадоўкі?
(Драй: ) “Разьведзены сок, салатыкі — ямо, як трэба, паводле правілаў. У нас ёсьць раздрукоўка. Мы сьпісалі з кнігі, як правільна трэба выходзіць з галадоўкі, паколькі ад мэдыкаў нам такой інфармацыі і не паступала”.
Мікалай Аўтуховіч паведаміў Радыё Свабода, што праца “Радыё Таксі” ў Ваўкавыску адновіцца ў наступны панядзелак.