Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ДАМАГЛІСЯ АД УЛАДАЎ АДТЭРМІНОЎКІ ЎВЯДЗЕНЬНЯ КАСАВЫХ АПАРАТАЎ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Прадпрымальнікі, які гандлююць на рынках футрам, скурай, фота-, радыё- і электратаварамі, павінны былі 1 кастрычніка ўсталяваць касавыя апараты ў новых памяшканьнях – гандлёвых цэнтрах і крамах. Аднак масавае перасяленьне своечасова не адбылося, і прыватныя гандляры вінавацяць у гэтым улады. Паводле прадпрымальнікаў, тыя памяшканьні, якія прапануюць чыноўнікі, наагул не прыдатныя для рэнтабельнага гандлю, а ў некаторых з запрапанаваных памяшканьнях нават не завершаныя рамонтныя работы.

Разам з тым, падатковая інспэкцыя ўсё роўна абавязвае прыватнікаў усталяваць касавыя апараты на рынках. Гэты факт выклікаў абурэньне гандляроў. Каля паўсотні чалавек сабраліся ў аблвыканкаме і запатрабавалі выслухаць іх.

(Спадар: ) “Мы прыйшлі са сваім болем, аднак ніводны прадстаўнік улады з намі сустрэцца ня хоча.”

(Спадарыня: ) “Мы галасавалі за іх, мы плацім падаткі рэгулярна і нічога ні ў кога ня просім. Аднак нас ніхто за людзей ня лічыць, нас нідзе не прымаюць”.

(Спадар: ) “Яны нам адказалі, маўляў, скажыце дзякуй, што вас не адфутбольваюць!”

Людзі настойвалі на сустрэчы з кіраўніцтвам вобласьці, абстаноўка была вельмі нэрвовая, у аблвыканкам выклікалі нарад міліцыі. Урэшце да гандляроў выйшаў кіраўнік камітэту ў справах прадпрымальніцтва, якому яны адрасавалі свае пытаньні.

(Спадар: ) “Вось як назваць гэта, акрамя як зьдзек з свайго ўласнага народу. Мы такі ж народ, як і іншыя: мы хочам працаваць. Вось паглядзіце, як усе людзі нэрвуюцца. Мы ня ведаем, што будзе заўтра, што будзе з нашымі сем’ямі. Чаму даводзяць да гэтага?”

Прадпрымальнікі назвалі спробу ўвесьці касавыя апараты на рынках незаконнай і нават дзікай.

(Спадарыня: ) “Бязьмежжа! Іначай мы яе ацаніць не можам. Мы ім – дойная карова. Яны нас хочуць проста падаіць, і добра падаіць – на прыстойныя сумы”.

Паводле падлікаў свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Магілёва, увядзеньне касавых апаратаў датычыць больш як 200 прыватнікаў, а таксама іх наёмных працаўнікоў і ўрэшце ўсіх спажыўцоў, бо выдаткі гандляроў прывядуць да падвышэньня цэнаў на тавары.

Сёньня магілёўскія прадпрымальнікі сваім гучным прыходам у аблвыканкам вымусілі ўладу саступіць. Рашэньне аб увядзеньні касавых апаратаў адкладзенае на месяц. Прыватныя гандляры спадзяюцца за гэты час дамагчыся адтэрміноўкі да пачатку новага году.
XS
SM
MD
LG