Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭГІЯНАЛЬНАЕ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕ: РУСІФІКАЦЫЯ НА ЎЗОР БТ


Юры Сьвірко, Менск

Абласныя дзяржаўныя тэлерадыёаб’яднаньні вяшчаюць галоўным чынам на хвалях, якія раней займаў расейскі канал “Культура”. Але замест цалкам расейскамоўнага каналу гледачы атрымалі часткова расейскамоўны.

У Горадні сёлета далі афіцыйную назву гэтаму каналу — “Телевидение Гродно”. Старшыня Гарадзенскага дзяржтэлерадыё Ўладзімер Пярцоў на цалкам расейкамоўным сайце свайго аб’яднаньня заяўляе: “Мы — дзяржаўны тэлеканал, мы ні ў якім разе не здымаем зь сябе ані сацыяльна-культуралягічнай нагрузкі, ані палітычнай”.

Паводле гарадзенскага карэспандэнта Радыё Свабода Сяргея Астраўцова, жыхары вобласьці пабойваліся, што новы тэленачальнік, які пераехаў сюды зь Віцебску, будзе праводзіць татальную русіфікацыю эфіру, аднак абласныя навіны дагэтуль выходзяць па-беларуску. Праўда, зьявілася штодзённая расейскамоўная праграма “Губерния”, якая выходзіць у прайм-тайм. Але беларускамоўную інфармацыю з гарадзенскага экрану яшчэ пачуць можна.

У Віцебску беларускую мову цалкам ігнаруе толькі недзяржаўны тэлеканал “Скіф”, супраць якога нават адбыўся судовы працэс — у зьвязку з тым, што ў эфір ня выйшла беларускамоўная абвестка аб правядзеньні “Дзядоў” у Воршы. Два іншыя тэлеканалы — на палову дзяржаўны 6ТВК і дзяржаўны беларускай мовай карыстаюцца. Але віцебскі тэлеглядач Віктар Сьцяпанаў зазначае:

(Сьцяпанаў: ) “На дзяржаўным тэлеканале відавочная паступовая экспансія расейскай мовы. У дзяржаўным эфіры зьяўляецца ўсё больш і больш перадачаў на расейскай мове. Навіны па-беларуску падае зь віцебскіх тэлеканалаў дзяржаўнае тэлебачаньне — пакуль што яно трымаецца цалкам беларускамоўных. Але нам даводзілася чуць, калі да беларускамоўнага суразмоўцы журналіст зьвяртаецца па-расейску”.

Тое самае адбываецца ў Гомелі, дзе навіны абласнога тэлерадыёаб’яднаньня цяпер мяшаныя — на дзьвюх мовах. Цікава, што старшыня гэтага аб’яднаньня Віктар Котаў па-беларуску ўвогуле не размаўляе.

Не карыстаецца беларускай мовай і недзяржаўны берасьцейскі канал “Буг-ТВ”. Патэлефанаваўшы ў Берасьце, я меў наступны дыялёг з супрацоўніцай дзяржаўнага абласнога тэлерадыёаб’яднаньня, якая прасіла не называць яе прозьвішча:

(Карэспандэнт: ) “У вас навіны на якой мове выходзяць?”

(Супрацоўніца: ) “Толькі на беларускай”.

(Карэспандэнт: ) “А сюжэты на якой мове могуць быць?”

(Супрацоўніца: ) “Толькі на беларускай мове. Усе праграмы навінаў цалкам беларускамоўныя”.

У Магілёве сытуацыя для Беларусі ўнікальная — прыватны тэлеканал “Магілёў-2” вяшчае па-беларуску. Гаворыць яго галоўная рэдактарка Алена Барысава:

(Барысава: ) “Я лічу, калі мы ў Беларусі, чаму мы павінны гаварыць па-расейску? Я думаю, што рэйтынг нашых навінаў ад таго, што яны беларускамоўныя, ніяк не ніжэйшы, чым на тым жа абласным ці агульнадзяржаўным тэлеканале, якія пераходзяць на расейскую мову”.

(Карэспандэнт: ) “А яны пераходзяць? Гэта адбываецца ў Магілёве?”

(Барысава: ) “Безумоўна. У іх так цяпер: і беларуская, і расейская мова. Але ўсе астатнія праграмы ідуць на расейскай мове. БТ у сваіх навінах практычна ўсё перайшло на расейскую мову, таму ім таксама гэтак будзе лягчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не зьбіраецеся здраджваць роднай мове?”

(Барысава: ) “Мы? Ні ў якім разе. Больш за тое, у нас ня толькі навіны на беларускай мове. У нас спартовая праграма на беларускай мове — гэта адзіная ў Магілёве спартовая праграма. У нас нават усе рэклямныя праекты ідуць на беларускай мове. І мы плянуем “Хатні доктар” — ён распачнецца літаральна праз тыдзень — на беларускай мове, і маладзёвую праграму толькі на беларускай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, ваш рэйтынг ад гэтага ня церпіць, што па-беларуску?”

(Барысава: ) “Я думаю, што ня толькі ня церпіць — рэйтынг залежыць усё ж ад прафэсійнасьці каналу, а не ад мовы”.

Што да сталіцы і Менскай вобласьці, дык вельмі папулярная перадача Алены Борматавай “Навіны-Менск”, якая выходзіла на добрай беларускай мове адразу пасьля “Панарамы”, на гэтым тыдні зьнікла. І горад Менск цяпер абсалютна пазбаўлены беларускамоўнай тэлеінфармацыі.
XS
SM
MD
LG