Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЕ НАЙБОЛЬШ ВЯДОМЫЯ ТВОРЫ ВАСІЛЬ БЫКАЎ НАПІСАЎ У ГОРАДНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пісьменьнік працаваў у газэце літаратурным кансультантам, сваю пасаду ён перадаў паэту Юрку Голубу, які цяпер працуе ў рэдакцыі, а таксама ўзначальвае абласную арганізацыю Саюзу пісьменьнікаў.

(Голуб: ) “Шматлікія кнігі Васіль Уладзімеравіч напісаў у нашым горадзе. І гэты горад, і Нёман прысутнічаюць, здавалася б, у кнігах аб вайне, аб тых падзеях, якія былі далёка адсюль. Варта ўспомніць хаця б аповесьць “Дажыць да сьвітаньня” зь яго лейтэнантам Іваноўскім, які прыяжджае напярэдадні вайны служыць у адзін з заходніх гарадоў, у якім пазнаецца менавіта горад над Нёмнам”.

Людзі, якія ведалі Быкава, успамінаюць, што ён часам даваў станоўчым пэрсанажам сваіх кніг імёны і прозьвішчы тых, да каго добра ставіўся. А з адмоўным героямі рабіў наадварот. Успамінае стары гарадзенскі журналіст Вітольд Іваноўскі, які доўгі час працаваў уласным карэспандэнтам “Звязды”:

(Іваноўскі: ) “Ён заўсёды быў вытрыманы, дасьціпны. Гаварыў мала, але настолькі гэта ўсё было трапна, настолькі дарэчы, што да гэтага часу многае з таго, што ён сказаў, у мяне ў памяці. Памятаю, мы доўга спрачаліся: чым была Унія для Беларусі — ці гэта было добра, ці гэта было кепска? А Васіль Уладзімеравіч сказаў: гэта была апошняя спроба, якая давала магчымасьць Беларусі далучыцца да Эўропы”.

Вітольд Іваноўскі ўспамінае, што Васіль Быкаў ня толькі пісаў, але часта маляваў. У філіі Саюзу пісьменьнікаў, якой кіраваў, намаляваў проста на сьцяне шаржы на сябе і на Аляксея Карпюка. Юрка Голуб адзначае, што там жа віселі па-майстэрску выкананыя Быкавым фотапартрэты Мележа, Брыля, Твардоўскага, Танка ды іншых вядомых пісьменьнікаў.

На жаль, філію Саюзу пісьменьнікаў выселілі з дому Элізы Ажэшкі, дзе працаваў Васіль Быкаў. Лёс фотапартрэтаў, зробленых ім, невядомы. На сёньняшні дзень ягонае імя пакуль не ўвекавечана ў горадзе над Нёмнам.
XS
SM
MD
LG