Настаўнік прасіў аднавіць яго на працы і аплаціць вымушаны прагул. Судзьдзя Аўсейчык не задаволіла пазоў. На судзе быў Мікалай Аксаміт — кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Аслона” з суседняга Ваўкавыску.
Паводле яго, паміж дырэктарам школы Браніславам Кісялеўскім і Анатолем Валюком адбыўся канфлікт. Зьнік школьны зварачны апарат — зьявіліся неабгрунтаваныя прэтэнзіі да Валюка як да настаўніка працы. Ён абурыўся. Дырэктар сказаў: ты — нападпітку.
Мікалай Аксаміт кажа, што дырэктар запрасіў у кабінэт іншых настаўнікаў, каб яны пацьвердзілі ягоныя здагадкі. І яны мусілі. Але яны гаварылі, што зусім не былі ўпэўненыя, што гэта праўда, — сказаў спадар Аксаміт. Ва ўсякім разе, экспэртызы ніхто не рабіў.
А перад тым Анатоль Валюк у бюлетэні “Свой лад” надрукаваў артыкул пра тое, як у Сьвіслачы ўлады паставілі бюст Сталіна, назва публікацыі “Нэкрафілія ці “рэстаўрацыя сталінізму”. Адразу ў школу прыйшла праверка. Прадстаўніца райана запатрабавала, каб Валюк прыбраў са сьцяны чаканку з гербам “Пагоня”. Ён адмовіўся. Яму сказалі: працаваць у школе ты больш ня будзеш. А тут — канфлікт з дырэктарам.
Раней Валюк працаваў у мясцовай газэце, затым выкладаў у школе родную мову і літаратуру. Але начальства зрабіла так, каб ён вёў толькі ўрокі працы. А затым хацелі і іх забраць ды пакінуць яму толькі працу з вучнямі ў гуртках. Пару месяцаў таму Валюк зь сябрамі падалі ў райвыканкам свае прапановы, каб адзначыць 140-я ўгодкі паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Дагэтуль ніякага адказу не атрымалі. Сёньня Анатоль рыхтуе скаргу на пастанову суду, які не абараніў ягоныя правы. У невялікай Сьвіслачы знайсьці працу амаль немагчыма. Хоць ідзі дворнікам, — падсумаваў сваё становішча Анатоль Валюк.