Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРШАНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗЛАДЗІЛІ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ПІКЕТ ЛЯ ГАРВЫКАНКАМУ


Браніслава Станкевіч, Орша

Больш за сотню прадпрымальнікаў сабраліся сёньня аб 11-й раніцы каля будынка аршанскага гарвыканкаму. Яны прыйшлі з плякатамі “Сацыяльны падатак — гэта дзяржаўны рэкет”, “Калі няма грошай у пакупніка, то няма і ў прадпрымальніка”, “Прадпрымальнікі патрабуюць падатковых ільготаў дзеля нашага зьбяднелага народу”.

Да несанкцыянаванага пікетаваньня прадпрымальнікаў змусіла апошняе рашэньне Аршанскага гарвыканкаму пра прымусовую рэгістрацыю ў Фондзе сацыяльнае абароны насельніцтва — тым, хто не зарэгіструецца ды не заплоціць падатак, улады зь 1 чэрвеня забаранілі працягваць арэнду гандлёвых месцаў.

Кіраўнік Аршанскага прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Сталяроў лічыць гэтае рашэньне адкрытым самавольствам уладаў ды парушэньнем працоўнага заканадаўства, бо ў прынятым палажэньні пра арэнду працоўных месцаў нічога не гаворыцца пра абавязкі гандляроў перад сацыяльным фондам. А шэраговыя прадпрымальнікі перакананыя, што ўлады іх проста рабуюць.

(Спадарыня: ) “Я гандлюю на рынку ўжо гадоў пяць, але гэтак цяжка, як зараз, яшчэ ніколі не было. Спачатку падаткамі заціснулі, а цяпер прыдумалі нейкі пэнсійны фонд, куды трэба плаціць штомесяц, бо іначай улады не дадуць гандляваць. А што я буду плаціць у той пэнсійны фонд, калі мне сёньня трэба карміць сям’ю ды гадаваць дзіця? Я можа й не дажыву да тае пэнсіі, і куды пойдуць мае грошы, невядома... Вось мы прыйшлі зараз да нашага гарвыканкаму, каб запытацца, куды пойдуць нашыя грошы. Гэта ж яны, нашыя ўлады, такое прыдумалі, хаця яны добра бачаць, як мы жывем, як гандлюем і якія ў нас прыбыткі”.

Паводле сьведчаньняў прадпрымальнікаў, у Воршы самыя высокія кошты на арэнду працоўных мейсцаў ды самая нізкая пакупніцкая здольнасьць насельніцтва, бо амаль усе тутэйшыя прадпрыемствы не працуюць. Цяпер мясцовыя ўлады налічылі й самы вялікі ў Беларусі сацыяльны падатак.

Аднак пагаварыць з адказнымі прадстаўнікамі ўладаў пікетоўцам не ўдалося: намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Кавальчук, які падпісаў рашэньне пра абавязковую рэгістрацыю ў сацыяльным фондзе, да прадпрымальнікаў ня выйшаў. Затое зьявіўся міліцэйскі нарад ды запатрабаваў разысьціся, пагражаючы масавымі затрыманьнямі.

Але пікетоўцы не пагадзіліся разысьціся аж да тае пары, пакуль у гарвыканкам не былі запрошаныя іхныя прадстаўнікі. На перамовы з уладамі былі дэлегаваныя аршанец Аляксандар Сталяроў ды двое віцебскіх прадстаўнікоў прафсаюзу “Пэрспэктыва” — Анатоль Шапавалаў ды Барыс Элькін.

Заўтра ўраньні прадпрымальніцкія праблемы будуць абмеркаваныя на паседжаньні аршанскага гарсавету. Ад імя прадпрымальнікаў мае намер выступіць дэпутутка Галіна Мацюшэнка — абраная ў часе мінулых выбараў прадстаўніца сацыял-дэмакратычнае партыі “Народныя Грамада”.

Пра вынікі перамоваў з уладамі прадпрымальнікі даведаюцца таксама заўтра — а палове на трэцюю на аршанскім рынку адбудзецца адмысловы прадпрымальніцкі сход.
XS
SM
MD
LG