Лінкі ўнівэрсальнага доступу

140 ГАДОЎ АДБЫЛАСЯ БІТВА ПАЎСТАНЦАЎ КАЛІНОЎСКАГА З ЦАРСКІМІ КАРНІКАМІ


Алесь Горбач, Баранавічы

Сябры Таварыства беларускай мовы, Фонду братоў Луцкевічаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, іншых дэмакратычных суполак Баранавічаў прынялі ўдзел у імпрэзе, што ладзілася сіламі Мілавіцкай сярэдняй школы на месцы бітвы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з расейскімі карнікамі. Яшчэ ў трыццатых гадох мінулага стагодзьдзя за часам польскай улады тут была ўстаноўленая капліца ў гонар паўстанцаў. Паводле ўспамінаў тутэйшых жыхароў, польскія ўлады ўшаноўвалі кожную гадавіну бітвы, ладзячы на яе месцы сапраўдныя фэсты:

(Спадарыня: ) “Ой, прыгожа было, хораша рабілі. І варылі, і людзей кармілі. Салдатаў многа было: і пяхота, і ўланы на конях. Ксяндзы былі. Мне было можа гадоў пяць, але добра памятаю”.

Цяпер улады асаблівай актыўнасьці ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў не выяўляюць. Правесьці шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных 140-м угодкам Мілавідзкай бітвы, баранавіцкіх чыноўнікаў абавязвала адмысловыя дырэктыва з Берасьцейскага аблвыканкаму. Аднак у мерапрыемстве, што адбывалася на месцы бітвы, удзельнічаў толькі старшыня Мілавідзкага сельвыканкаму. Нават ніхто з раённага начальства не надаў увагі гэтай падзеі.

Адзін з удзельнікаў акцыі, старшыня Баранавіцкай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Карлінскі прычыну такой абыякавасьці ўладаў бачыць у наступным:

(Карлінскі: ) “Так адбываецца найперш таму, што выканаўчая ўлада ня мае ніякага патрыятызму. Гэта проста “абавязалаўка”, а не памкненне душы. Абавязалі – дык нешта пачалі рабіць. А ў душы няма патрыятызму. Таму ўсё так і атрымліваецца: як мокрае гарыць”.

У гарадзкой цэнтральнай бібліятэцы адбылася імпрэза “За нашу і вашу свабоду”. Сярод іншага, было на ёй і ўзнагароджваньне пераможцаў віктарыны, прысьвечанай паўстаньню Кастуся Каліноўскага. Сродкі для ўзнагароджваньня зноў жа былі адшуканыя сіламі грамадзкіх арганізацыяў, найперш Таварыства беларускай мовы і Фонду братоў Луцкевічаў.
XS
SM
MD
LG