Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАБОРЫ НА СЯЎБУ


Казімер Яноўскі, Рэчыцкі раён

Распараджэньне за №121 пра фінансавую дапамогу калгасам у правядзеньні пасяўной кампаніі падпісаў яшчэ ў сакавіку старшыня райвыканкаму Аляксандар Баранаў. Адрозна ад мінулых гадоў, грошы паступаюць цяпер не на рахунак райсельгасхарчу, а непасрэдна ў бугальтэрыю райвыканкаму.

Распавядае бугальтэрка Вольга Века:

(Века: ) “З 24 сакавіка сталі пералічваць грошы. Кожны дзень пакрыху, але ёсьць. Па стане на пятніцу сабралі ўжо 22,9 мільёна рублёў. Маслазавод даў 10 мільёнаў рублёў, завод мэталёвых вырабаў — 7 мільёнаў. З красавіка пачалі здаваць грошы індывідуальныя прадпрымальнікі, – сабралі 1 мільён 930 тысяч рублёў. Зь іх спадары Чарнашэй і Лянкевіч перадалі па 150 тысяч, Нячай і Блізьнец — па 300 тысяч. Паўмільёну рублёў унесла сумеснае прадпрыемства “Бруніг”.

Паводле распараджэньня старшыні, гэтыя сродкі былі пералічаныя сельгасхіміі для набыцьця мінэральных угнаеньняў гаспадаркам раёну”.

Прадпрымальнікі не ў захапленьні ад пабораў уладаў. Акурат з сакавіка сэсія аблсавету значна падвысіла для іх стаўкі адзінага падатку. Рыначныя гандляры наогул ня могуць зьвесьці канцы з канцамі.

Гаворыць Сьвятлана Вераб’ёва:

(Вераб’ёва: ) “Дзяруць з усіх бакоў, хто толькі можа. Гандлю — аніякага. Плаціш шалёныя падаткі, а вывучкі няма. Для мяне асабіста гэта нечуваная сума, 150 тысяч рублёў пералічыць на пасяўную. Я зь дзіцём адна і адна цягну сям’ю”.
XS
SM
MD
LG