Паводле рашэньня Берасьцейскага аблвыканкаму ўдзельнiчаць у так званым днi падтрымкi сельгасвытворцаў мусяць усе прадпрыемствы вобласьцi — незалежна ад формы ўласнасьцi. Мясцовая вэртыкаль мусiць даць iм адпаведную працу ў гаспадарках. Што гэта за праца, у кожнай гаспадарцы будуць вырашаць асобна. Але ўжо вядома, што гараджанам прапануюць перабiраць насеньне бульбы, зьбiраць камянi з калгасных палеткаў цi рамантаваць сельгастэхнiку.
У вёсках не выказваюць асаблiвага задавальненьня з нагоды дэсанту гарадзкiх жыхароў. Вось што паведамiлi нашаму радыё ў аграфiрме “Беларусь” Кобрыньскага раёну:
(Спадарыня: ) “Грошы нам больш патрэбныя, чым рабочыя людзi. Таму што людзi ў нас свае ёсьць. А вось калi грошы пералiчаць, дык мы можам дзесьцi дызэльнае палiва набыць”.
Улады прадугледзелi магчымасьць, якая дазволiць жыхарам гарадоў пазьбегнуць адпраўкi ў вёску. Дзеля гэтага iм патрэбна пералiчыць свой аднадзённы заробак на адмысловы рахунак у “Беларусбанку”. З дасьведчаных крынiцаў у аблвыканкаме вядома, што гэты варыянт нават больш прымальны для берасьцейскiх уладаў.
Справа ў тым, што пачатку сяўбы на Берасьцейшчыне сёлета перашкаджаюць ня толькi ўмовы надвор’я. Самая вялiкая праблема для вяскоўцаў — адсутнасьць палiва. Прадпрыемству “Брэстаблнафтапрадукт” загадана амаль у два разы зьменшыць кошты на дызэльнае палiва для калгасных патрэбаў. Лiтар саляркi мусiць каштаваць два лiтры малака, якое сёньня купляюць у калгасаў па 200 рублёў за лiтар.Кампэнсаваць гэтыя страты i павiнны сродкi, сабраныя з рабочых прамысловых прадпрыемстваў i бюджэтнiкаў.
Паводле словаў старшынi абласной арганiзацыi Свабоднага прафсаюзу Валянцiна Лазарэнкава, гэтыя паборы абураюць гарадзкiх жыхароў.
(Лазарэнкаў: ) “Я лiчу, што гэта чарговая спроба ўладаў забраць з кiшэнi простага народу тую капейку, якая, можа, у яго i заляжалася. Альбо, як кажуць, “пусьцiць па мiру” насельнiцтва, якое павiнна, згодна з гэтымi распараджэньнямi, вырошчваць гэты ўраджай, а потым у самiх сябе яго купляць”.