Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАСЕ ІМПРЭЗАЎ, ПРЫСЬВЕЧАНЫХ ДНЮ ВОЛІ, У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛІ 18 ЧАЛАВЕК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

А палове на пятую вечара ў Віцебску распачаўся супольны пікет сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ды Маладога Фронту. Дзесяцёра пікетоўцаў несанкцыявана выйшлі на Пляц Волі зь бел-чырвон-белымі сьцягамі ды плякатамі, аднак праз 15 хвілін больш як палова ўдзельнікаў гэтага пікету была затрыманая міліцыянтамі. У Кастрычніцкі райаддзел міліцыі трапілі спадары Хамайда, Плешчанка ды Салаўян, а таксама трое прадстаўнікоў Маладога Фронту, у тым ліку й старшыня гарадзкое арганізацыі Віктар Шляхцін.

Складаньне пратаколаў за несанкцыянаванае пікетаваньне заняло каля гадзіны, і неўзабаве гэтых пікетаўцаў адпусьцілі – у адрозьненьне ад затрыманых сёньня ўдзень сяброў АГП, якія праводзілі несанкцыянаваны пікет на Прывакзальнай плошчы ды якіх пратрымалі ў пастарунку больш як 3 гадзіны. Дарэчы, даўжэй за іншых у Чыгуначным райадзьдзеле міліцыі прабыў Юрась Сьцяпанаў, віцебскі карэспандэнт радыё “Палёнія”, які ў пікеце ня ўдзельнічаў, а толькі фатаграфаваў пікетоўцаў ды іхнае затрыманьне.

Сёньня былі затрыманыя таксама чацьвёра валанцёраў праваабарончага цэнтру “Вясна”, якія ў раёне “Сіняга дому” раздавалі віцебскім мінакам бюлетэнь “Права на Волю” ды віншавальныя ўлёткі да ўгодкаў утварэньня БНР. Ім таксама давялося каля гадзіны чакаць у пастарунку, пакуль будуць складзеныя пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Адзінай імпрэзаю ў Віцебску, падчас якой не затрымалі нікога, сталася шэсьце, арганізаванае сябрамі розных тутэйшых партыяў ды суполках, якія ўвоходзяць у адмысловае аб’яднаньне КГД – Камітэт грамадзкіх дзеяньняў. Акцыя распачалася а пятай вечара ад кнігарні “Крыніца”, а скончылася ўжо ў пачатку сёмай. Калёна ўдзельнікаў прайшла цэнтральнай вуліцай Леніна, гучна, праз мэгафон, віншуючы ўсіх сустрэчных з Днём Волі ды раздаючы віншавальныя ўлёткі. Дарэчы, за сёньняшні сьвяточны дзень іх было распаўсюджана ў Віцебску каля пяці тысячаў.
XS
SM
MD
LG