Прымаючы такое рашэньне, кіраўнікі райвыканкаму спасылаліся на закон аб друку. Паводле іхнага меркаваньня, журналісты “Рэгіянальных ведамасьцяў” нібыта знарок скажалі факты і тым самым абражалі гонар і годнасьць службоўцаў.
Супрацоўнікі газэты пісалі пра складанае сацыяльна-эканамічнае становішча, праблемы мясцовых жыхароў, пра няўважлівае стаўленьне да людзей зь боку чыноўнікаў, узгадвалі лічбы, якія дрэнна характарызуюць разьвіцьцё эканомікі. Адным словам, пісалі праўду. Цяпер яны ня могуць зразумець, у чым тут сутнасьць абразы. Тым больш, што ніхто з герояў публікацый не спрабаваў абвергнуць факты праз суд.
Але з гэтага часу журналісты ня змогуць прысутнічаць на нарадах выканкаму і атрымліваць ад чыноўнікаў інфармацыю. Усьлед за рашэньнем выканкаму кіраўнікі горацкага “Саюздруку” адмовіліся распаўсюджваць выданьне ў мясцовых шапіках. Прычыны гэтага рашэньня журналістам так і не растлумачылі.
Газэта друкуецца. Ейны рэдактар Юрый Камзолаў спадзяецца знайсьці агульную мову з уладамі.
“Рэгянальныя ведамасьці” на сёньня ёсьць самым уплывовым у вобласьці рэгіянальным недзяржаўным выданьнем. Ягоныя супрацоўнікі за некалькі гадоў змаглі павялічыць наклад газэты з тысячы да чатырох тысячаў асобнікаў. Газэту чытаюць ня толькі жыхары Горак, але яшчэ ў некалькіх суседніх раёнах.