Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВОРШЫ ПРАЙШОЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКІ СТРАЙК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Страйк на аршанскім рынку распачаўся а палове на дзявятую раніцы ды працягваўся да 15-й гадзіны. Гандляры сабраліся каля цэнтральнага ўваходу на рынак ды замест таго, каб разыходзіцца па сваіх працоўных месцах, правялі прафсаюзны сход.

Паводле словаў старшыні аршанскага Вольнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Сталярова, менавіта ў Воршы як ні ў якім іншым горадзе Беларусі найбольш яскрава праяўляецца супярэчнасьць паміж узрастаньнем коштаў на тавары ў выніку ўвядзеньня вялікіх падаткаў ды зьніжэньнем пакупніцкае здольнасьці тутэйшага насельніцтва. Рынкавыя пакупнікі – гэта ў асноўным рабочыя стратных аршанскіх прадпрыемстваў, якія месяцамі не атрымліваюць заробкаў ды мусяць ашчаджаць кожны рубель, тым часам як гандляры мусяць “закладаць” у кошт свайго тавару ўсё большую частку грошай на выплату падаткаў. Таму на сёньняшнім сходзе прадпрымальнікі сфармулявалі шэраг патрабаваньняў да гарадзкіх ды абласных уладаў з мэтаю абараніць і свае інтарэсы, і інтарэсы сваіх пакупнікоў.

Галоўныя патрабаваньні ўдзельнікаў страйку тычыліся зьмяньшэньня ўведзеных Віцебскім аблвыканкамам мясцовых падаткаў ды памеру платы за камэру захоўваньня ды гандлёвыя месцы, вызначанага Аршанскім гарвыканкамам разам з дырэкцыяй рынка.

Каб патлумачыць жыхарам гораду, чаму растуць кошты, актывісты Вольнага прафсаюзу запатрабавалі ўсталяваць на рынку адмысловы стэнд, каб прадставіць падатковыя дакумэнты ды сьведчаньні пра памеры іншых выплатаў на ўсеагульны агляд. Працягам гэтае акцыі мусіла б стацца зьбіраньне пакупніцкіх подпісаў у абарону рынкавых гандляроў ад занадта вялікіх падаткаў. Аднак дырэктар рынку Іван Кулікоў, які выйшаў сёньня да пікетоўцаў, каб адказаць на іхныя пытаньні, адмовіў гандлярам у стварэньні гэткага інфармацыйнага стэнду…

Адмовіўся разгледзець прадпрымальніцкія праблемы ды ўвогуле сустрэцца з рынкавымі гандлярамі й старшыня Аршанскага гарвыканкаму Валянцін Майсяюк. Таму прадпрымальнікі вымушаныя перасылаць свае патрабаваньні па пошце. Апроч гарадзкіх установаў – тутэйшай адміністрацыі ды падатковай інспэкцыі – патрабаваньні ўдзельнікаў страйку былі сёньня накіраваныя ў Віцебскі аблвыканкам: менавіта тут зацьвярджаюцца мясцовыя падаткі. Удзельнікі страйку запатрабавалі звальненьня начальніка абласное інспэкцыі па падатках ды зборах Міхаіла Ефімовіча ды скліканьня пазачарговай сэсіі аблвыканкаму дзеля зацьвярджэньня меншых абавязковых падаткаў.

Патрабаваньні аршанскіх прадпрымальнікаў падтрымалі й рынкавыя гандляры зь іншых рэгіёнаў Віцебшчыны . Упершыню да прадпрымальніцкага страйку далучыліся рынкавыя гандляры з райцэнтру Талачын. Таксама сёньня прайшлі страйкі на рынках у Полацку ды Наваполацку.
XS
SM
MD
LG