Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАДТРЫМАЛІ ТАКСАМА І ВІЕТНАМЦЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

На Цэнтральным рынку абласнога цэнтру ў рэчавых гандлёвых радах свой тавар на 602-м месцы разьвесіў толькі адзін прадпрымальнік. Адзін з амаль трох тысяч, што маюць тут сталыя гандлёвыя месцы. Назваць сябе і патлумачыць сваю штрайкбрэхерскую пазыцыю адзінокі гандляр адмовіўся.

Гараджане, што прыходзілі на рынак, не асуджалі прадпрымальнікаў за акцыю пратэсту. Цяпер усюды аднолькава цяжка. Гаворыць гамяльчук Анатоль:

(Анатоль: ) “Як гараджанін я згодны зь імі, я салідарны. За свае правы трэба змагацца. Што мяне зьдзівіла сёньня, дык гэта магутная салідарнасьць. Па ўсім рынку людзі прыпынілі працу, дамагаюцца выкананьня сваіх патрабаваньняў. Гэта станоўчы зрух наперад. Малы бізнэс у пэрспэктыве мае магчымасьць абараняць сябе і разьвівацца”.

У пэнсіянэркі Клаўдзіі Іванаўны свой погляд на страйк:

(Клаўдзія: ) “Я бываю на рынку адзін раз на месяц, калі атрымаю пэнсію. Таму мне гэтая забастоўка — ні йшла, ні ехала”.

Між тым, асобныя прадпрымальнікі адмыслова падрыхтаваліся да сваёй акцыі. У прыватнасьці, Уладзімер Няпомнячы прыйшоў на рынак у шэрай майцы з адмысловымі надпісамі — на грудзях: “Заробак — працоўным, кашолка — грыбнікам”, на сьпіне: “Аляксандра Сусаніна — да Мілошавіча”.

Дарэчы, страйк падтрымалі, чаго не было раней, гандляры-віетнамцы, азэрбайджанцы, усе іншыя замежнікі, зьвязаныя з рынкам.

Распавядае старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Я думаю, яны проста адчулі, наколькі ўсё сур’ёзна. Сур’ёзна тое, што з намі здарылася за апошні год. Перад леташнімі выбарамі ўлады нас адпусьцілі на даўжэйшы павадок. Мы пагулялі. Цяпер нас ставяць на кароткі”.

Прадпрымальнікі не выключаюць, што з увядзеньнем новага дэкрэту Лукашэнкі акцыя пратэсту можа быць ня толькі падоўжаная, але і набудзе новыя формы. Гаворыць прадпрымальнік Аляксандар Князеў:

(Князеў: ) “Я лічу, што наступным крокам павінна быць пікетаваньне аблвыканкаму. Трэба прыйсьці туды з плякатамі. Мірна! Ня біць, ня трушчыць, а спакойна выставіць свае патрабаваньні і пікетаваць будынак, каб чыноўнікі, што працуюць у аблвыканкаме, бачылі, што мы — згуртаваная сіла”.

Паляпшэньне працы рынкаў і наагул сытуацыі ў прадпрымальніцкім асяродку гомельскія гандляры зьвязваюць з акцыяваньнем рынкаў.
XS
SM
MD
LG