Паводле Алеся Грыцаўца, удзельнікі сёньняшняга пікету такім чынам хацелі выказаць свой пратэст супраць несправядлівага прысуду гарадзенскім журналістам, а таксама прадэманстраваць сваю салідарнасьць зь Міколам Маркевічам ды Паўлам Мажэйкам.
“Спыніць перасьлед незалежнай прэсы!”, “Свабоду Маркевічу і Мажэйку!” – такія патрабаваньні былі на плякатах, выстаўленых у парку імя 30-годзьдзя камсамолу.
Падчас пікету ішоў збор подпісаў пад зваротам да старшыні Гарадзенскага абласнога суду. У гэтым звароце гучыць просьба “пры разглядзе касацыйнай скаргі асуджаных журналістаў прыняць рашэньне, адпавядаючае беларускаму заканадаўству, міжнародным дамовам і здароваму сэнсу людзей, што жывуць у ХХІ стагодзьдзі”.
Міліцыянты, што несьлі дзяжурства ў парку, толькі перапісалі зьмест лёзунгаў і больш не падыходзілі да ўдзельнікаў пікету. Людзі рэагавалі на акцыю ў большасьці станоўча: падыходзілі бліжэй, цікавіліся, некаторыя падпісваліся пад вышэйзгаданым зваротам.
На пікеце таксама былі лёзунгі, што нагадвалі пра чарговую гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.