На аснашчэньне абсталяваньнем дыспансэра плянавалася выдаткаваць блізу 26 мільёнаў даляраў. Патрабаваньне кіраўніка дзяржавы зрабіць таньнейшым на чвэрць ня толькі будаўнічую частку лекава-досьледнай установы, але і яе нутраное начыньне паставіла кіраўнікоў аховы здароўя ў няпростую сытуацыю. Пасьля прыезду Лукашэнкі на будоўлі пабываў яшчэ і старшыня дзяржкантролю Анатоль Тозік, які патрабаваў канкрэтных прапановаў зьмяншэньня кошту дыспансэра.
Распавядае начальнік абласной управы аховы здароўя Мікалай Крысенка:
"Раз такая бедная краіна -- нам сказалі -- хлопцы, прыйдзецца карыстацца наяўным абсталяваньнем, а не купляць новае. Вось мы й дадзім такім чынам зьмяншэньне кошту на 6 мільёнаў...", -- паведаміў Мікалай Крысенка.
Паводле ягоных слоў, канчатковы варыянт выгляду спэцдыспансэра будзе ўзгоднены ў камітэце дзяржкантролю ў сярэдзіне траўня. У сувязі з новымі патрабаваньнямі галоўны лекар дыспансэра Ўладзімер Верабей асьцерагаецца, што ўстанове складана будзе карэнным чынам зьмяніць арганізацыю мэдычнай дапамогі людзям, што пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы:
"...Функцыя дыспансэра як установы -- будзе пакутаваць. Каб гэтага не адбылося, мы прапануем перавесьці туды 4 катэдры мэдычнага інстытуту і філію інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны і працаваць: лекаваць, дасьледаваць людзей, весьці навуковую працу і рабіць высновы. Такая канцэпцыя", -- кажа спадар Верабей.
Між тым канцэпцыю існаваньня цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны разбурае ня толькі зьмяншэньне фінансаваньня. Аляксандар Луканэнка, як быў на будоўлі, заяўляў, што й мэдычны інстытут у Гомлі не патрэбны...
Адсутнасць інстытуту наогул пазбавіць практыку навуковага бачаньня наступстваў катастрофы. Зрэшты, гэта ў значнай ступені зроблена разам з увязьненьнем за краты былога рэктара мэдычнага інстытуту, прафэсара Юрыя Бандажэўскага -- вядомага ў сьвеце дасьледніка ўплыву радыяцыі на здароўе людзей.