Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПЕРАМАГЛІ Ў СУДЗЕ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

У Барысаве гарадзкая пракуратура падала ў суд на спадарыню Людмілу Букас і рэдакцыю газэты "Барысаўскія Навіны" з тае прычыны, што офіс газэты разьмяшчаецца ў кватэры. Працэс вяла судзьдзя Тацяна Голуб.

Яна не задаволіла хадайніцтва галоўнага рэдактара газэты Анатоля Букаса пра недавер да суду, а вось прэтэнзіі памочніка пракурора Ірыны Пашкевіч, што выступала ў судзе на даручэньне сваёй установы, палічыла слушнымі. Вынік: разьмяшчаць рэдакцыю ў кватэры спадарыні Букас суд забараніў.

Апроч таго, пасьля вынясеньня рашэньня Ірына Пашкевіч прыгразіла Букасам чарговымі праверкамі іхнай дзейнасьці як прадпрымальнікаў.

Сёньня ж у Менску калегія Менскага абласнога гаспадарчага суду не задаволіла касацыю на рашэньне свайго ж суду, якую падала рэдакцыя салігорскай газэты Беларускага Незалежнага прафсаюзу "Салідарнасьць". Салігорская падатковая камісія ў ліпені пакарала рэдакцыю штрафам блізу 900 тысяч рублёў за тое, што бугальтэрыя нібыта няправільна аформіла касавую апэрацыю, прымаючы ад прыватнай асобы аргтэхніку.

Калегія не прыняла да ўвагі аргумэнты грамадзкага прадстаўніка ад Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Любові Вашкевіч ды пакінула скаргу без задавальненьня. Паводле меркаваньняў Анатоля Букаса і Любові Вашкевіч, абодва суды, разглядаючы справы недзяржаўных выданьняў, прынялі палітычна матываваныя рашэньні.
XS
SM
MD
LG