Пiсьмовае папярэджаньне адному з самых уплывовых грамадзкiх аб'яднаньняў берасьцейскага рэгiёну было вынесенае ўпраўленьнем юстыцыi аблвыканкаму. У гэтай дзяржаўнай установе палiчылi, што берасьцейскi абласны цэнтар падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў "Вежа" падчас прэзыдэнцкай кампанii займаўся дзейнасьцю, якая не адпавядала статуту арганiзацыi. У прыватнасьцi, выканкамаўскiя юрысты сьцьвярджаюць, што гэтае грамадзкае аб'яднаньне ня мела права праводзiць сацыялягiчныя апытаньнi грамадзянаў, у якiх цiкавiлiся пра стаўленьне да кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусi.
У папярэджаньнi ўпраўленьня юстыцыi таксама адзначаецца, што грамадзкаму аб'яднаньню забаронена ўжываць скарочаную назву арганiзацыi i што гэта таксама ёсьць парушэньнем заканадаўства.
Сёньня ў судзе кiраўнiк цэнтру "Вежа" Iна Кулей спрабавала давесьцi, што статут арганiзацыi прадугледжвае падтрымку грамадзянскiх iнiцыятываў. Акрамя таго, статут дазваляе фiнансавую i iнфармацыйную падтрымку цэнтрам "Вежа" iншых арганiзацыяў, што i было зроблена падчас правядзеньня сацыялягiчнага апытаньня. Але гэтыя заўвагi не былi ўлiчаныя судом, а скарга грамадзкага аб'яднаньня пакiнутая без увагi.
Гаворыць Iна Кулей:
(Кулей:) "Я мяркую, што гэта была фармальная падстава для ўпраўленьня юстыцыi. Зачэпка за тое, каб арганiзацыi, якiя на сёньняшнi момант зьяўляюцца зашмат актыўнымi ў нашым рэгiёне, былi на кручку. Таму што пiсьмовае папярэджаньне, вынесенае па адной i той жа справе на працягу году двойчы, можа быць нагодай для закрыцьця арганiзацыi ўвогуле".
Спадарыня Кулей таксама адзначыла, што ня верыць у заявы беларускiх уладаў пра дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця у краiне. Толькi за апошнiя месяцы цэнтар "Вежа" двойчы зазанаў праверкi аддзелу фiнансавых расьсьледаваньняў, некалькi разоў сюды прыходзiлi супрацоўнiкi падатковых ды iншых ворганаў. Гэтыя падзеi, на думку актывiстаў трэцяга сэктару Берасьцейшчыны, сьведчаць пра тое, што пасьля прэзыдэнцкiх выбараў ня варта чакаць зьменаў у адносiнах уладаў да грамадзкiх арганiзацыяў.