Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СЬВЕТЛАГОРСКУ ЗЬБІРАЛІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ ДАСЬЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёньня ўранку яшчэ да пачатку заняткаў ліцэісты і выкладчыкі зноў пікетавалі будынак гарвыканкаму. Яны трымалі плякаты: "Хочам вучыцца ў ліцэі", "Захаваем беларускамоўнае навучаньне ў горадзе" ды іншыя.

Пікет доўжыўся амаль гадзіну. Да пікетоўцаў выйшаў зь міліцыянтам намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Зьвягін. Чатырох выкладчыц — Любоў Лазко, Алену Масьлюкову, Натальлю Русіну і Алену Букачову, што былі зь ліцэістамі на пікеце, спадар Зьвягін запрасіў да сябе ў кабінэт.

У жорсткай форме ён папярэдзіў выкладчыц, што за несанкцыянаваны пікет ля гарвыканкаму іх могуць прыцягнуць да адказнасьці. Тое, што з закрыцьцём ліцэю ў горадзе зьнікае апошняя беларускамоўная навучальная ўстанова, намесьніка старшыні гарвыканкаму не турбуе.

Улады наогул зьбіралі на ліцэй нейкае дасье — баяліся, што ён зробіцца своеасаблівым асяродкам вальнадумства з шырокімі кантактамі, якія выходзяць ня толькі за межы гораду, але і нават краіны. Вось што распавёў старшыня гарвыканкаму Баляслаў Пірштук:

(Пірштук: ) "У мяне ёсьць такое дасье, што па тэлефоне не хачу і казаць. Каго яны запрашаюць — пачынаючы ад амбасадара ЗША і заканчваючы ўсімі астатнімі. Гэта, мне падаецца, не інтарэс навучэнца і ягоных бацькоў. Запрашаюць таго, хто корміць. Мы тут заблыталіся ў дзьвюх соснах. Замест дзіцячых праблемаў выйшлі на вялікую палітыку".

Дзеці ж патрабуюць не зачыняць беларускамоўную ўстанову. А 16-й гадзіне яны зноў выйшлі на пляц перад гарвыканкамам бараніць ліцэй.
XS
SM
MD
LG