Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖОДЗІНЕ СУДЗЯЦЬ АКТЫВІСТАЎ КХП БНФ ЗА БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Слуханьне гэтай справы, якое сёньня праводзіў спадар Самойла, пакуль што ня скончылася судовым выракам. Паводле сьцьверджаньня актывістаў КХП БНФ Віктара Юркевіча, Анатоля Рыбкаўца і Сяргея Мікалаева, 23 сакавіка прыкладна ў 20:30 яны вярталіся ў родны горад з бліжняга лесу, дзе адзначалі дзень волі. Перад выхадам на дарогу Менск-Ворша ў раёне Жодзіна хлопцы вынялі з сумкі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта, як высьветлілася, заўважыў супрацоўнік тутэйшай службы ДАІ прапаршчык Залужны і даклаў па рацыі ў аддзел унутраных справаў. Маўляў, бэнээфаўцы праводзяць пікетаваньне са сьцягамі і плякатамі ў руках.

Сёньня дзяжурны па гарадзкім аддзеле міліцыі маёр Еўдакімаў, іншыя супрацоўнікі аддзелу, выкліканыя ў суд у якасьці сьведкаў, прызналі, што плякатаў, у адрозьненьне ад прапаршчыка ДАІ Залужнага, яны ня бачылі, і сьцяг быў усяго адзін. Пры гэтым Анатоль Рыбкавец і Віктар Юркевіч палотнішча не трымалі перад сабою, як гэта практыкуецца падчас палітычных акцыяў.

Заўтра а 10 гадзіне раніцы Мікалай Самойла заслухае апошняга сьведку – самога спадара Залужнага, а пасьля абвесьціць свой вырак.

Цікава, што сёньня ўвечары на балконе дома, што разьмешчаны побач з будынкам гарсуду, невядомы патрыёт вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG