Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАЛАДЭЧНЕ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ МІТЫНГ І ШЛЯХ ТАКСАМА ПРАЙШЛІ СЁНЬНЯ БЕЗ УСКЛАДНЕНЬНЯЎ


Алесь Мікалайчанка, Маладэчна


Дазволены ўладамі мітынг пачаўся а 17 гадзіне на так званай круглай пляцоўцы ў цэнтры маладэчанскага парку. Як паведаміў землякам лідэр філіі КХП БНФ Эдуард Баланчук, сёньняшняя акцыя ледзь не сарвалася, бо гарвыканкам прыняў рашэньне дазволіць правядзеньне жалобнага чарнобыльскага мерапрыемства толькі ў тым выпадку, калі група заяўнікоў выплаціць у гарадзкую казну 187 тысяч беларускіх рублёў.

(Баланчук: ) “Кмунальнік нам выпісаў 3 тысячы рублёў, хуткая дапамога – 121 600 рублёў, міліцыя 53 944 рублі”.

Толькі высілкамі юрыста маладэчанскага аддзяленьня БГК Аляксея Хвосьціка сёньня раніцай дазвол на правядзеньне мітынгу быў атрыманы. Без аплаты.

Наступныя прамоўцы зь ліку актывістаў КХП БНФ, БСДП (Народная Грамада), партыі БНФ у сваіх памовах згадвалі, што радыяцыя захапіла і поўдзень Маладэчанскага раёну, што паблізу Радашковічаў дзейнічае пункт сталага дазіметрычнага кантролю, што анкалягічныя хваробы маладэчанцаў за апошнія 15 год сталіся пастаянным мэдычным фактарам. Людзям патрэбныя лекі на лячэньне, але праз дарагоўлю жыцьця гэта ўсё па-за межамі дасягальнасьці, падкрэсьліў у сваім выступе народафронтавец Алесь Капуцкі. Яшчэ больш ускладніў сытуацыю з паступленьнем замежнай гуманітарнай дапамогі ў беларускія рэгіёны лукашэнкавы дэкрэт №8, зазначыў прысутны на мітынгу старшыня сталічнага аргкамітэту па правядзеньне Чарнобыльскага шляху прафэсар Нікітчанка. Ён запрасіў усіх прысутных (а іх было болш за 500 чалавек) узяць заўтра ўдзел у менскай акцыі.

Пасьля мітынгу адбыўся ўжо сам Чарнобыльскі шлях. Удзельнікі з гарадзкога парку прайшлі на Цэнтральны пляц, дзе паклалі кветкі да памятнага знаку пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі, запалілі сьвечкі ды прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.
XS
SM
MD
LG