Старшыня Аршанскага выканкаму Валянцін Майсяюк загадаў павесіць замок на дзьверы Дому культуры Таварыства інвалідаў па зроку. Там мінулымі выходнымі меркавалі сабрацца на лекцыі аршанскія аматары беларускай гісторыі й культуры.
Аршанскі філіял Народнага ўнівэрсытэту, які заснаваў Юры Хадыка, праіснаваў усяго каля 2 месяцаў. Цягам гэтага часу перад аршанцамі пасьпелі выступіць: палітоляг Уладзімер Роўда, эканаміст Уладзімер Кулажанка, навукоўцы Аляксандар Ярашэвіч ды Ўладзімер Емяльянчык. На адкрыцьцё ж прыяжджаў і сам заснавальнік Народнага ўнівэрсытэту Юры Хадыка.
Спачатку гарадзкія ўлады прэтэнзіяў да грамадзкай навучальнай установы ня мелі. Але 19 студзеня пра адкрыцьцё Народнага ўнівэрсытэту ў Воршы напісала расейская газэта "Известия", тады пра гэты факт даведаліся ў найвышэйшых колах дзяржаўнае ўлады.
Арганізатары ўнівэрсытэту кажуць, што ў Воршу патэлефанаваў сам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч. Ён загадаў старшыні гарвыканкаму Воршы Валянціну Майсеюку "разабрацца" з унівэрсытэтам.
Як вынік, мусіў быў звольніцца па ўласным жаданьні дырэктар СШ № 4 Станіслаў Храпавіцкі — адзін са стваральнікаў аршанскага філіялу ды старшыня аршанскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Менавіта ў гэтай школе адбыліся першыя заняткі ўнівэрсытэту. Цяпер Станіслаў Храпавіцкі загадвае дзіцячым садком.
Алесь Шутаў, другі арганізатар Народнага ўнівэрсытэту, асабіста патэлефанаваў кожнаму з слухачоў, каб патлумачыць, хто й чаму ў суботу ды нядзелю сарваў заняткі.