Галадоўнікаў наведалі начальнік раённага аддзелу надзвычайных сытуацыяў Юры Дземянцей, начальнік аддзелу зямельных рэсурсаў Аляксандар Белікаў і юрыст Алена Сушкевіч. Вось што паведаміла нашаму радыё пра гэты візыт спадарыня Сушкевіч:
(Сушкевіч: ) “Папярэдзілі. Парушаюць нормы пажарнай бясьпекі, бо начуюць. Санітарныя нормы парушаюць. Зноў растлумачвалі і рабілі заўвагі, каб больш ня ўказвалі, што райвыканкам займаецца ліквідацыяй прадпрыемства, як яны пішуць у кожнай газэце. Мы ж можам за гэта ў суд падаць. Рэакцыя была адпаведная”.
Рэакцыя галадоўнікаў была нэгатыўнай. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Павал Юзвак:
(Юзвак: ) “Начальнік пажарнай службы раёну сказаў, што нам тут нельга начаваць”.
(Карэспандэнт: ) “Якая была ваша рэакцыя?”
(Юзвак: ) “Тут усе пачалі казаць, што гэта незаконна, што мы нікуды ня зрушымся. Казалі, каб далі працоўныя месцы, а яны маўчаць. Інакш кажучы, стаялі мы на сваіх пазыцыях, як і стаялі”.
(Карэспандэнт: ) “Які быў сэнс іхнай місіі?”
(Юзвак: ) “Місія такая: паказаць, што тут былі прадстаўнікі райвыканкаму. Але яны не ўпаўнаважаныя нічога казаць”.
Паводле работнікаў “ЮКІ”, падзеямі ў Смалявічах зацікавілася адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Дзеці галадоўнікаў накіравалі на адрас прэзыдэнта ліст, у якім зьвярнуліся з просьбай захаваць прадпрыемства ды абараніць сваіх бацькоў. 16-гадовы Сяргей Быкоўскі, сын удзельніка акцыі рабочага Ўладзімера Быкоўскага, так пракамэнтаваў гэтую ініцыятыву:
(Быкоўскі: ) “Перажываю. Бо зачыняць фірму — і тады дзе бацька будзе працаваць? Трэба, каб фірму не зачынялі, каб яны працавалі”.