У Савецкім судзе зранку чакалі затрыманых удзельнікаў моладзевай акцыі. Сярод прысутных быў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, сябры Партыі свабоды і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Прадстаўнікоў іншых апазыцыйных партыяў не было.
Хлопцаў прывезьлі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка толькі бліжэй да абедзеннага перапынку. Ад затрыманьня і да суду нікому не давалі есьці. Толькі калі судзьдзі пісалі пастановы на арышт, хлопцы, скарыстаўшыся перапынкам, атрымалі ежу і пітво ад сваіх сяброў.
Прысуд судзьдзі Руслана Казадаева ня стаў нечаканасьцю для Зьмітра Дашкевіча. Пасьля агалошваньня прысуду хлопца павялі ў міліцэйскі “варанок”. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:
(Дашкевіч: ) “Тэма будучага рэфэрэндуму насамрэч хвалюе ня толькі нас, але і ўладу. Нам нават не далі выйсьці за межы гэтай плошчы. Яны ня ведалі, куды мы пойдзем. Наш арышт яшчэ раз падкрэсьлівае, што ўлады пужаюцца любога выступу, любой незалежнай думкі. Асабліва ім не падабаецца, калі гаворка ідзе на тэму рэфэрэндуму. Магчыма, у сувязі з падзеямі ў Грузіі вырашылі так жорстка падавіць гэтае шэсьце. Амонаўцаў было ў некалькі разоў больш за маніфэстантаў. Лукашэнка паглядзеў, як у Грузіі “чотка” зладзілі з аўтарытарным рэжымам, дык вырашыў перасьцерагчыся”.
Судзьдзя Натальля Скугарава пакарала арыштам Аляксандра Запартыку на 5 сутак. Хлопец казаў, што яго схапілі міліцыянты, як толькі ён выйшаў з мэтро на плошчу. Але судзьдзя не зьвярнула на гэта ўвагі.
Васіль Парфянкоў назваў паказаньні сьведкаў непраўдзівымі. Паколькі Васіль ужо меў папярэджаньне за пікет ля расейскай амбасады ў падтрымку Чачэніі, яго судзілі за паўторнае парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Судзьдзя Натальля Скугарава арыштавала хлопца на 15 сутак.
(Парфянкоў: ) “Учора мяне схапілі тады, калі ўжо скончылася “зачыстка”. Не па законе мяне затрымалі. Гэта сьведчыць аб тым, што ўлада ў нас не дэмакратычная, а бандыцкая. Калі яны думаюць, што запалохаюць мяне, то яны памыляюцца. Гэта толькі надае злосьці й прагі для далейшага змаганьня. Яны яшчэ мяне пабачаць на наступных акцыях. Сьведкі нахабна хлусілі. У суд выклікалі нават ня тых, якія мяне затрымалі, не амонаўцаў, а простых міліцыянтаў. Вось яны і хлусілі. Відаць, атрымалі такі загад. Я не баюся сядзець на гэтых сутках, бо ўжо й ня першы раз. Так што мяне гэта не палохае”.
Аксана Новікава таксама была затрыманая падчас так званай “зачысткі” як арганізатарка акцыі, бо яе подпіс стаяў пад заявай у Менгарвыканкам. Ёй уручылі позву, каб яна прыйшла ў аддзел міліцыі. Аксана паведаміла, што ні ў міліцыю, ні ў суд ня пойдзе, бо лічыць дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўчых органаў незаконнымі.