Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ГРАМАДЗЯНЕ І ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЧЫНОЎНІКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юрась Губарэвіч узгадвае выпадак са свайго дэпутацкага досьведу.

(Губарэвіч: ) “Падчас выбарчай кампаніі як кандыдат я звярнуўся ў гарадзкі і раённы выканаўчыя камітэты з просьбай даць зьвесткі пра тое, якімі ёсьць нашыя мясцовыя бюджэты, і як яны фармуюцца. Мінула ўжо больш за поўгода, але дагэтуль мне ніякіх зьвестак не далі.”

Сябра партыі БНФ, супрацоўнік камэрцыйнай фірмы Юрась Губарэвіч увесну быў абраны дэпутатам Белаазёрскага гарсавету, а дэпутаты даверылі яму быць намесьнікам старшыні гэтага органа мясцовай ўлады. Але, як бачым, сапраўдным органам улады гарадзкі савет назваць цяжка, калі ўжо нават ягонага намесьніка старшыні выканкамаўскія чыноўнікі ігнаруюць.

За паўгоду дэпутацтва Юрась Губарэвіч назапасіў дастаткова назіраньняў пра тое, як дзейнічае гэтак званая адваротная сувязь паміж грамадзянамі і чыноўнікамі мясцовай улады. Юрась Губарэвіч зрабіў выснову, што гэтая сувязь аднабаковая і вельмі фармальная. Асноўным каналам зносінаў ёсьць лісты грамадзянаў альбо тэлефанаваньні.

І хаця патрабаваньні цэнтральнай ўлады да мясцовых чыноўнікаў што да рэагаваньня на такія звароты быццам становяцца ўсё больш жорсткімі, гэта ніяк не паляпшае становішча. Асноўная праблема ў тым, што мясцовыя чыноўнікі не залежаць ад волі простых выбаршчыкаў, а арыентуюцца толькі на вышэйшае кіраўніцтва. Адсюль іх неразваротлівасьць, закрытасьць і безадказнасьць – усе тыя рысы, якія прынята называць бюракратызмам.

Юрась Губарэвіч паведаміў, што чальцы Белаазёрскага выканкаму на ягоную просьбу адмовілі яму ў праве прысутнічаць на паседжаньнях выканкаму. У дэмакратычнай краіне такое было б немагчыма, лічыць Юрась Губарэвіч і прыводзіць прыклад Польшчы, досьвед якой адмыслова вывучаў.

(Губарэвіч: ) “Там абсалютна адкрытая інфармацыя пра дзейнасьць органаў мясцовага самакіраваньня. Яны выдаюць уласны бюлетэнь, дзе пішуць пра тыя рашэньні, якія былі прынятыя. На паседжаньне можа прыйсьці любы грамадзянін, паслухаць, задаць пытаньне, і таму там проста не ўзьнікае думкі пра тое, што нешта можа рабіцца закрыта ад грамадзян.”

Як мусіць рэагаваць мясцовы чыноўнік на скрагу грамадзяніна? Паводле закона, за месяц трэба ня толькі адказаць на скаргу, але і прыняць захады для выпраўленьня хібаў, калі яны ёсьць. Але часта чыноўнікі ў Беларусі ідуць іншым шляхам – яны змагаюцца не з недахопамі, пра якія паведамляюць грамадзяне, а з аўтарамі скаргаў. Пра гэта сьведчыць гісторыя, якую распавядзе наш полацкі карэспандэнт Вінцэсь Мудроў. Пачатак гэтай гісторыі паклала скарга, якая прыйшла ва ўрад з гарадскога пасёлку Ветрына з прычыны пачаўшайся там кампаніі падрыхтоўкі да ўгодкаў.

(Мудроў: ) “Аўтары звароту – а гэта пятнаццаць чалавек, сярод якіх выкладчыкі, выхавальнікі, мастакі й дэпутаты гарпасялковага савета, – пісалі пра тое, што жыхары 500-гадовага Ветрына жадаюць жыць і працаваць камфортна, жадаюць, каб у гарпасёлак прыйшлі прадпрымальнікі, у тым ліку і замежныя, каб тут былі створаныя працоўныя месцы, каб моладзь не пакідала роднага кута. На думку ветрынскіх інтэлігентаў, добраўпарадкаваньне, якое разгарнулася апошнім часам, гэта звычайная прафанацыя без усялякай мастацкай канцэпцыі. У прыватнасьці, у Ветрына прымусовым парадкам ствараюцца кветнікі ў агародна-могілкавым стылі, ідзе пабелка дрэваў – бярозаў, таполяў, ліпаў, а ў такт іх рытму, і слупоў электраперадач. Пры гэтым цяжар падобнага «добраўпарадкаваньня» ўлады спрабуюць перакласьці на плечы нешматлікіх ветрынскіх прадпрымальнікаў.

Рэакцыя ўладаў на гэтыя заўвагі была амаль імгненнай. У Ветрына прыехаў адказны работнік аблвыканкаму, які стаў упікаць ініцыятара звароту, дырэктара мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімера Амосава ў тым, што ля школы дагэтуль ня высечаныя старыя таполі і што школьны дах дагэтуль не пафарбаваны, хаця падобныя работы выкладчыкі сваімі сіламі выканаць ня ў стане. Неўзабаве спадару Амосаву была выдадзеная атэстацыйная характарыстыка, зь якой вынікала, што дырэктар прафэсійна непрыдатны работнік і падлягае неадкладнаму звальненьню з пасады. Распавядае Ўладзімер Амосаў:”

(Амосаў: ) “Улады, у асобе Полацкага райвыканкаму і Віцебскага аблвыканкаму, падвялі вынік маёй праваабарончай дзейнасьці як сябра БХК – кіраўніка Полацкага прадстаўніцтва. У маёй атэстацыйнай характарыстыцы як дырэктара Школы мастацтваў у тэксьце 4 сантымэтры станоўчых момантаў і 11 сантымэтраў чорнага нэгатыву. Пры тым, што я 25 гадоў адпрацаваў дырэктарам школы, якая працягам больш як дваццаці гадоў лічыцца адной зь лепшых у вобласьці.”

(Мудроў: ) “Дзякуй, што калі дайшло да звальненьня ці ня самага кваліфікаванага у сваёй галіне дырэктара мастацкай школы ў навакольлі, раённыя чыноўнікі ўсё ж далі справе задні ход. Паводле Ўладзімера Амосава, усе гэтыя закалоты былі ўчыненыя дзеля таго, каб адбіць ў мясцовых людзей ахвоту скардзіцца на мясцовае начальства.”
XS
SM
MD
LG