Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦА В.СТРАМКОЎСКАЯ ПАДАЗРАЕ КГБ БЕЛАРУСІ ВА ЎМЯШАЛЬНІЦТВЕ Ў АСАБІСТАЕ ЖЫЦЬЦЁ


Алег Грузьдзловіч, Менск

Такое пытаньне задаюць многія адрасаты ў Беларусі, калі атрымліваюць з-за мяжы надарваную, а то і цалкам разарваную капэрту альбо бандэроль. Вядомая праваабаронца Вера Страмкоўская зрабіла выснову, што карэспандэнцыяй яе сям’і зацікавіліся беларускія спэцслужбы, калі даведалася пра выпадак з сынам Зьмітром.

Хлопец вучыцца на мэханіка-матэматычным факультэце БДУ і захапляецца кампутарамі. Улетку ён падпісаўся на расейскі часопіс з даволі арыгінальнай назвай “Гакер”. Гэта легальнае выданьне, прысьвечанае праблеме кампутарнай бясьпекі. Нумары часопісу Зьміцер Страмкоўскі мусіў атрымаць у Менску на галоўным паштамце, але здарылася нечаканае. Верасьнёўскі часопіс яму выдалі са спазьненьнем, патлумачыўшы затрымку тым, што часопіс выпадкова быў выдадзены іншаму чалавеку. Потым выпадковасьць паўтарылася:

(Страмкоўскі: ) “Тое самае было і ў кастрычніку, і тады я яшчэ дараваў ім, маўляў, усё можа быць. Але ўсё паўтарылася ў лістападзе. Было вельмі непрыемна”.

Паводле Зьмітра Страмкоўскага, апэратар Марына прызналася, што мусіла аддаваць ягоную карэспандэнцыю чалавеку, які назваўся Ігарам Аляксеевічам Васільевым і ў якасьці свайго адрасу назваў праспэкт Скарыны, 17. Супрацоўнікам галоўнага паштамту добра вядома, што гэта адрас КГБ Беларусі, і таму пярэчыць гэтаму чалавеку Марына не адважылася. Зьміцер Страмкоўскі зьвярнуўся са скаргай да кіраўніцтва цэху паслугаў паштамту, але там усё патлумачылі памылкай апэратара. Тое самае сёньня мне паўтарыла намесьніца начальніка гэтага цэху Галіна Судак. Яна дадала, што апэратар, якая зрабіла памылку, цяпер піша тлумачэньне і хутчэй за ўсё будзе пакараная пазбаўленьнем прэміяльных.

Між тым, Зьміцер Страмкоўскі ў вэрсію пра памылку апэратара ня верыць. Паводле яго, памыліцца магчыма было адзін раз, але ня тройчы запар. Ён адзначае і тое, што гэты Ігар Васільеў з КГБ забіраў ягоную карэспандэнцыю ня болей як на адзін дзень, за які нават прачытаць часопіс складана. У капіяваньні артыкулаў “Гакера” таксама няма сэнсу, бо часопіс ёсьць у свабодным продажы, заўважае Зьміцер Страмкоўскі.

“Хутчэй за ўсё, кантралююць усю карэспандэнцыю, якая можа патрапіць да маёй маці. Яна вядомы палітык і актывіст няўрадавага сэктару, вось у КГБ і думаюць: а раптам празь мяне яе фінансуюць?” — лічыць Зьміцер Страмкоўскі.

Прэсавы сакратар КГБ Беларусі Аляксандар Базанаў рашуча абверг падазрэньні на адрас сваіх калегаў . Паводле Аляксандра Базанава, яны заўсёды прытрымліваюцца закону, які забараняе праглядаць пошту ці праслухоўваць тэлефоны бяз санкцыі пракуратуры. А тое, што з карэспандэнцыяй на галоўпаштамце можа адбыцца нейкая недарэчнасьць, Аляксандар Базанаў праілюстраваў выпадкам з асабістага досьведу:2.

(Базанаў: ) “Вось я раней падпісваўся на бюлетэнь “Компас” ИТАР-ТАСС, і мне часта гэтая бандэроль прыходзіла ў надарваным стане, было бачна, што там унутры”.

Між тым, з поштай лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі рэгулярна здараецца нешта падобнае — яна даходзіць у надарваных альбо ўвогуле ў адкрытых капэртах. Таму Анатоль Лябедзька сумняецца ў выпадковасьці гэтых здарэньняў. Як самы непрыхаваны прыклад умяшальніцтва ў ягонае прыватнае жыцьцё Анатоль Лябедзька згадаў выпадак, калі тэкст ягоных тэлефонных размоваў з Барысам Нямцовым быў абнародаваны ў дзяржаўных мэдыях. Тады ў КГБ Беларусі публічна прызналі, што падслухалі і запісалі гэтыя размовы, аднак суд пасьля адмовіўся разглядаць пазоў Анятоля Лябедзькі да КГБ. Задачу гэтага ведамства у сучаснай Беларусі апазыцыйны палітык вызначае наступным чынам:

(Лябедзька: ) “Яны змагаюцца зь людзьмі, якія ня хочуць бачыць сьвету вачыма Аляксандра Рыгоравіча”.

Адвакатка Вера Страмкоўская зьвярнулася ў пракуратуру са скаргай на парушэньне канстытуцыйных правоў яе і яе сына празь незаконны прагляд пошты:

(Страмкоўская: ) “У Канстытуцыі запісана, што ў нас ёсьць права на прыватнае жыцьцё. І ўсё — кропка”.

Паводле Веры Страмкоўскай, пракуратура мусіць правесьці расьсьледаваньне, хто і навошта аддаў загад праглядаць прыватную карэспандэнцыю.
XS
SM
MD
LG